Вёска Камуна спрабуе вярнуць амаль страчаны абрад Русалле, які ў даўнія часы бытаваў на берагах Арэсы. Тыдзень пасля Тройцы ў многіх вёсках Палесся і на яго памежжы дагэтуль называецца русальным. У гэты час спяваліся адмысловыя русальныя песні. І, на шчасце, камунараўцы захавалі свой фальклорны скарб. У іх ёсць падстава заяўляць пра сваю самабытнасць і права “праводзіць” русалку, нягледзячы на відавочную неадпаведнасць цяперашняй назвы вёскі і духоўнага зместу тутэйшых народных традыцый. Ужо восьмы раз, то ў адной, то ў другой вёсцы, а сёлета ў Камуне, урачыста праводзілі русалку за вясковае скрыжаванне, каб, як сцвярджае народнае павер’е, забараніць нядобрым сілам шкодзіць свойскай жывёле і будучаму ўраджаю. Акрамя пляцення вяночкаў і карагодных песень, у гэты дзень жанчыны палілі вогнішча і смажылі на агні яечню.