Карэнная паляшучка баба Каця (Кацярына Панчэня) з вёскі Пагост Гомельскай вобласці не проста адзначае разам са сваімі вернымі сяброўкамі і сябрамі традыцыйныя беларускія абрадавыя святы, яна прасьвятляе з дапамогай беларускіх і замежных СМІ і кінематаграфістаў тых, хто ведае мала або зусім нічога пра этнаграфічную культуру палескіх вёсак Тураўскай зямлі. Вось і ў чарговы раз у бабы Каці сабраліся госці і аднавяскоўцы, каб разам сустрэць калядой і застоллем Шчодры вечар (надыход Новага года па старым традыцыям) напярэдадні Дня Святога Васіля Вялікага.
Абрады і традыцыйны побыт пажылых карэнных жыхароў Пагоста ўжо паказалі Беларусі і ўсяму свету фатограф Андрэй Лянкевіч, фотакарэспандэнт Віктар Драчоў і іншыя фатографы, журналісты і кінематаграфісты. Аднак больш за ўсё ўвагі традыцыйнага жыцця вёскі змаглі надаць супрацоўнікі Беларускага відэацэнтра, якія на працягу года прыязджалі ў Пагост да бабы Каці і яе сябровак, вынікам чаго стала стварэнне фільмаў “Кола часу” і “Дачка Прыпяці”. У гэтых фільмах цалкам адлюстраваны не толькі гадавы цыкл святаў і абрадаў, якія адзначаюцца ў Пагосце, але і няпростая біяграфія самой бабы Каці, якая не адзін раз хавала дзяцей і блізкіх. Тым не менш, нягледзячы на асабістыя трагедыі, баба Каця не страціла жыццялюбства і непадробнай душэўнай цеплыні і працягвае жыць і спяваць разам са сваім ансамблем “Міжрэчча”, з якім яна паспела пабываць на гастролях у Германіі.
Калі да бабы Каці прыязджаюць госці, яна часам ездзіць з імі на старажытныя Барысаглебскія могілкі, каб дакрануцца да двух гаючых каменных крыжоў, якія, як і іншыя “голыя” крыжы, прыплылі ў XII стагоддзі па Прыпяці і Дняпры супраць плыні ў Тураў пасля таго, як язычнікі забілі ў Кіеве князя Тура. Частка даследчыкаў думае, што крыжы маюць хрысціянскае паходжанне, другая ж частка лічыць іх больш старажытнымі, паганскімі. Людзі запэўніваюць, што крыжы на Барысаглебскіх могілках, калі да іх дакрануцца, вылечваюць жанчын ад хвароб.
Аляксей Сталяроў
.