11 верасня ў цэнтры Магілёва сабралася шмат дзяцей: у гэты дзень на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» адбылося адкрыццё любімага ўсімі дзецьмі XV юбілейнага Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2012».
«Анімаёўка-2012» праходзіць у Магілёве з 10 па 15 верасня. За гэты час магілёўцы і госці горада змогуць убачыць 155 анімацыйных фільмаў для дзяцей і дарослых з 21 краіны свету. Гэтым разам у «Анімаёўцы» ўпершыню возьмуць удзел Фінляндыя, Кітай, Тайвань, Іспанія, Партугалія і Швейцарыя. Праўда, у конкурснай праграме будзе ўдзельнічаць усяго 82 мультфільмы. Пераможцы традыцыйна атрымаюць прызы фестывалю, а найлепшыя мультфільмы ўвойдуць у залатую калекцыю «Анімаёўкі». Выбіраць найлепшыя анімацыйныя працы будзе кампетэнтнае журы на чале з польскім рэжысёрам Марэкам Хадачыньскiм.
Акрамя прагляду мультфільмаў на фестывалі будзе мноства іншых забаваў: тэатралізаваныя паказы, выставы, творчыя сустрэчы, майстар-класы. Спецыяльнымі гасцямі фестывалю сталі народны артыст СССР Леў Дураў і заслужаная артыстка Расіі Аксана Сташэнка, стваральнік вядомага мультсерыяла «Маша і Мядзведзь» Дзяніс Чарвяцоў і Аліна Кукушкiна, голасам якой размаўляе Маша. З усімі імі гледачы змогуць пагутарыць падчас фестывалю.
На адкрыцці фестывалю магілёўцы змаглі пазнаёміцца з рэжысёрамі і мастакамі, якія ствараюць любімыя ўсімі мультфільмы. Чырвоная дывановая дарожка, успаміны пра ранейшыя фестывалі і нават святочны торт – усё гэта было на адкрыцці. Цягам наступных чатырох фестывальных дзён гледачоў чакае 9 конкурсных праграм, мноства мерапрыемстваў і, вядома ж, прагляд мультфільмаў – пераможцаў фестывалю.
Марыя Гілёва