Фотаальбом «Жыццёвае асяроддзе», які распавядае пра магілёўскіх мастакоў і скульптараў, створаны фатографам Аляксандрам Ліціным.
Кніга стала працягам праекта фотавыставы з той жа назвай, якая экспануецца ў Выставачнай залі Магілёва. Над яе стварэннем фатограф працаваў амаль год. Экспазіцыя ўключае ў сябе партрэты магілёўскіх мастакоў у інтэр’еры майстэрняў. У альбоме яны прадстаўлены яшчэ і адной рэпрадукцыяй іх работ.
На думку членаў магілёўскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі, створаны фотаальбом не толькі ўяўляе зрэз мастацкага жыцця Магілёва пачатку XXI стагоддзя, але і дае магчымасць кожнаму, хто цікавіцца мастацтвам горада пазнаць мастакоў у твар. Да таго ж кніга можа стаць выдатным падарункам гасцям горада, турыстам, памятным сувенірам, якіх у Магілёве не хапае.
Ідэя Аляксандра Ліціна падтрымана прадстаўнікамі творчага асяроддзя Магілёва. Але ўвасоблена яна ў жыццё толькі ў электроннай версіі і адным папяровым дэманстрацыйным экземпляры. Члены магілёўскага аддзялення Саюза мастакоў звярнуліся да ўладаў горада з просьбай аказаць садзейнічанне ў выданні папярова-паліграфічнага варыянту альбома. У гэтай сувязі яшчэ ёсць магчымасць яго дапоўніць, у тым ліку партрэтамі тых мастакоў, якія маюць магілёўскія карані, але ў цяперашні час працуюць у розных кутках свету.
Галіна Хітрыкава, mogilevnews.by