Роўна год таму ў Магілёве ўпершыню выступіла Святлана Сурганава. Тады яе прынялі вельмі цёпла, а канцэрт пакінуў ва ўсіх толькі добрае ўражанне. Таму навіну аб новым канцэрце магілёўцы прынялі з захапленнем. 30 мая “Сурганава і Аркестр” выступілі ў ДК Вобласцi з новай праграмай “Рэдкі канцэрт”.
Праграма прысвечаная дзесяцігоддзю групы “Сурганава і Аркестр”, таму канцэрт атрымаўся вельмі насычаным — Сурганава праспявала практычна ўсе свае хіты, чым вельмі ўзрадавала публіку. Магілёўцаў даволі цяжка падняць з наседжаных месцаў, але ў Сурганавай гэта атрымалася — на песні “Вясна” гледачы дружна падняліся на ногі і не садзіліся ўжо да самага канца канцэрта. Некаторыя прарваліся бліжэй да сцэны і зладзілі там невялікі танцпляц.
Самыя адданыя фанаты да прыезду Сурганавай падрыхтаваліся загадзя. Зала была абвешаная расцяжкамі, а публіцы нават выдалі кардонныя “сонейкі” з фотаздымкамі музыкаў. Выглядала гэта ўсё крыху дзіўна, але Сурганаву вельмі кранула такое стаўленне магілёўцаў.
Сам выступ спявачкі, як заўсёды, быў на вышыні — вельмі непасрэдная і жывая, яна заўсёды грае з поўнай аддачай, з радасцю стасуецца з публікай і атрымлівае асалоду ад канцэрта. Таму абыякавых на яе выступах ніколі не застаецца.
Завяршыўся канцэрт традыцыйна: у поўнай цішыні Сурганава прачытала верш Цвятаевай “Золото моих волос…” І пад аглушальныя апладысменты сышла са сцэны.
Марыя Гілёва