Штогод у апошні дзень Масленічнага тыдня ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці адзначаюць свята «Чырачка».
Падчас сёлетняга святкавання, якое прыпала на 13 сакавіка, як і многа дзе ў нашай краіне, у Тонежы праводзілі зіму, спалілі яе пудзіла на вогнішчы, загукалі вясну. Адметнасць мясцовага свята традацыйна склалі печыва ў выглядзе птушкі-«чырачкі», ад якой і атрымаў назву сам абрад, старажытныя абрадавыя спевы, карагоды і гульні, качанні з гары, а таксама елачка, якую напачатку пад песні ўпрыгожылі, а напрыканцы святкавання, што адбылося на ўзвышшы каля вёскі, «Чарныцоўскіх горах», замацавалі на самым высокім дрэве.
Унікальнасць гэтага свята стала асновай таму, што ў студзені гэтага году Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры падтрымала прапанову аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь абраду гукання вясны «Чырачка». Куратарам абраду прызначана ўстанова «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці», пры непасрэдным удзеле якой падрыхтавана дакументацыя для надання статусу. Трэба адзначыць, што Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама на працягу многіх гадоў праводзяць маніторынг абраду.