29 ліпеня пад пякучым сонцам на Мінскім замчышчы адсвяткаваць 1025-годдзе хрышчэння Русі сабралася мноства праваслаўных вернікаў, паломнікаў і прадстаўнікоў духавенства з усіх куткоў Беларусі, а таксама Расіі, Украіны і іншых краінаў блізкага замежжа.
Многія вернікі чакалі, што на замчышчы можна будзе пакланіцца прывезенаму з Грэцыі цудадзейнаму крыжу апостала Андрэя Першазванага — адной з галоўных святыняў праваслаўнай царквы. Іншыя хацелі ўбачыць патрыярха Кірыла. У большасці наведнікаў не атрымалася ні першае, ні другое, бо крыж на замчышча не прывезлі, а праз вялізны натоўп патрыярха амаль не было бачна. Падчас свайго візіту патрыярх заклаў капсулу і грамату непадалёк ад рэшткаў старажытнай царквы на Мінскім замчышчы. Крыж апостала Андрэя Першазванага прывезлі ў Храм Усіх Святых, дзе яму спачатку пакланіўся кіраўнік дзяржавы, віп-персоны, а ўжо пасля шматгадзіннага чакання і цісканіны ў 17:00 да крыжа пачалі пускаць вернікаў. Да гэта ж, нягледзячы на шматлікія просьбы інвалідаў і матак з маленькімі дзецьмі, да святыні нікога не дапусцілі…
Аляксей Сталяроў