2 сакавіка 2014 году пайшоў у іншы сьвет вялікі паэт Рыгор Барадулін. На знак памяці і на даніну пашаны да гэтага сьветлага чалавека Tuzin.fm сабраў 12 самых яскравых песень, напісаных на яго словы.
«Песьня – раўнівая паненка. За ўзаемнасьць патрабуе душу. Песьня – асоба самадастатковая й непаўторная ў сваім выяўленьні!». Так лічыў Рыгор Барадулін. Паэт пакінуў па-за сабой ня толькі каля сотні кнігаў, але й мноства песень. Яго вершы паклалі на музыку барды й рокэры, эстраднікі й вядучыя акадэмічныя кампазытары. Абраны тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора вашай увазе.
1. «Трэба дома бываць часьцей» (Р.Барадулін – І.Лучанок, выконваюць Данчык і Л.Барткевіч)
Гэты радок Рыгора Барадуліна даўно стаў крылатым. Ён знаёмы, бадай, кожнаму беларусу. Сваю ролю сыграла й музыка Ігара Лучанка. Песьня сталася сапраўдным шлягерам, а ў вэрсіі Данчыка й Барткевічаледзь не нацыянальным гімнам. Запіс адбыўся ў 1989 ў Ню-Ёрку.
2. «Зорка босая» (Р.Барадулін – А.Камоцкі, вык. А. Камоцкі)
Зь імем Барадуліна зьвязаная практычна ўся дыскаграфія Алеся Камоцкага. Асобныя альбомы ўвогуле цалкам пакладзеныя на словы дзядзькі Рыгора – «Зорка спагады», «Баляжы», «Вяровіца». У некаторых альбомах Камоцкага паэт дэклямуе ўласныя вершы – «Віно дажджоў», «Псальмы». Між спадарамі Рыгорам і Алесем быў моцны ня толькі творчы, але й сяброўскі зьвяз. Яны нават супольна выдавалі кнігі. А сярод песень адным з найлепшых узораў супрацы стала «Зорка босая». Новая вэрсія песьні ўпрыгожыла кружэлку Алеся Камоцкага «9» (2009). «У спадара Алеся шмат якасьцяў. Назаву толькі дзве: шчырасьць і сьціпласьць. Гэта па-крывіцку», – такую ацэнку свайму сьпеваку і сябру даў Барадулін.
3. «А ў цёмным лесе» (народная, вык. Рыгор Барадулін)
Менавіта з падачы Алеся Камоцкага быў запісаны адзіны сольны (!) дыск Рыгора Барадуліна «Гойкнуў баравік» (2000). Кружэлка зьмяшчае ажно 56 трэкаў і лічыцца вялікім рарытэтам. Зрэшты, да шырокага распаўсюду яна й не прызначалася. Дзьдзька Рыгор a capella выконвае песьні ды прыпеўкі з роднае Вушаччыны. У альбоме дэманструюцца рэдкія ўзоры народнае эратычнае паэзіі.
4. «Пані трошкі ў гадах» (Р.Барадулін – Зьм.Вайцюшкевіч, вык. Зьм.Вайцюшкевіч)
Як аўтар усіх тэкстаў і чытальнік, Рыгор Барадулін быў задзейнічаны ў запісе альбома Зьмітра Вайцюшкевіча «Паравоз каханьня» (2004). Паэт прапанаваў кароткія вершаваныя ўступы да кожнае песьні. Прыкладна палова альбома таксама мае сэксуальны падтэкст (першы варыянт назову – «Каханьне да заіканьня»). Аднак асноўным гітом кружэлкі стала менавіта «Пані трошкі ў гадах». Некаторыя крытыкі потым іранічна зазначалі, што песьня ўзростава адпавядае асноўнай аўдыторыі Зьмітра. Дарэчы, менавіта Барадулін даў імёны яшчэ двум альбомам Вайцюшкевіча – «Паравіны году» (замест нарматыўнага «поры году») й «Тое, што трэба». А яшчэ пара сьпеваў на словы народнага паэта трапіла на кружэлку «Калыханкі» (2007).
5. «Зоркі» (Р.Барадулін – Зьм.Вайцюшкевіч, вык. Czeremszyna & Todar)
Яшчэ адным пасьпяховым плёнам Барадуліна з Вайцюшкевічам стала песьня «Зоркі». Яна нечакана набыла вялікую вядомасьць на Падляшшы. Да таго спрычыніўся мясцовы фольк-гурт Czeremszyna. У выйшаў сумесны альбом «Чэрэмшыны» са Зьмітром «Тодарам» Вайцюшкевічам. Песьня «Зоркі» выдатна ўпісалася ў лэмкоўскі й палескі фальклёр. «Для мяне працаваць са Зьмітром было вялікім гонарам. Мне здаецца, то зараз менавіта ён зьяўляецца ўвасабленьнем сучаснае беларускае музыкі», – казаў Рыгор Іванавіч.
6. «Белая яблыня грому» (Р.Барадулін – Л.Вольскі, вык. Л.Вольскі)
Верш Рыгора Барадуліна 1977 году даў імя, пэўна, лепшаму сольнаму альбому Лявона Вольскага разам з галоўным гітом кружэлкі. Паэт паслухаў той дыск адным зь першых, яшчэ да прэзэнтацыі. Лявон Вольскі ўзгадвае: «Дзіўна, што гэтая песьня – гіт, бо яна атрымалася недзе паміж вальсам і блюзам. Давялося дэфармаваць вершаваны памер. Але Рыгор Іванавіч застаўся вельмі задаволены». На думку Лявона, у вершы закадаваныя этапы чалавечага жыцьця. У гітарным сола можна пазнаць «Белавескую пушчу» «Песьняроў».
7. «Пісьмо беларускіх партызан» (Р.Барадулін – Ул.Мулявін, вык. «Песьняры»)
Як сьведчаць кронікі, Уладзімер Мулявін зьвяртаўся да паэзіі Рыгора Барадуліна толькі аднойчы – падчас працы над праграмай «Праз усю вайну» (1985). Праграма складалася зь вершаў менавіта тых паэтаў, хто пабачыў Другую сусьветную на ўласныя вочы. Тым тлумачыцца й жорсткі натуралізм у многіх эпізодах альбома, нават быццам бы жартоўных, як у выпадку з Барадуліным. Адзначым, што сучасны БДА «Песьняры» мае ў рэпэртуары кампазыцыю «Свет» – расейскамоўную адаптацыю яшчэ аднаго твора Барадуліна.
8. «Когда возьмет тоска (Калі возьме туга)» (Р.Барадулін – Я.Глебаў, вык. А.Аўчыньнікаў)
Два вершы Рыгора Барадуліна гучаць на расейскай мове ў фільме «Прошлогодняя кадриль» (1978) у выкананьні Аляксандра Аўчыньнікава. Усю музыку да гэтае мэлядрамы напісаў Яўген Глебаў. «Загана адна ў Яўгена – пісаць ён ня ўмее дрэнна», – засьведчыў у эпіграме дзядзька Рыгор. Па словах удавы кампазытара Ларысы Глебавай, яны добра сябравалі. Барадулін неаднойчы заходзіў ў госьці да Глебава разам з Караткевічам. Арыгінальны саўндтрэк да згаданага фільму нядаўна адшукаўся ў сямейным архіве Глебавых. Песьня публікуецца ўпершыню.
9. «Памяці маці» (Р.Барадулін – Ул.Кур’ян, вык. В.Пархоменка)
Увогуле, шмат хто з акадэмічных кампазытараў зьвяртаўся да Рыгора Барадуліна – Вагнер, Смольскі, Наско, Алоўнікаў, Сонін, Залётнеў… Ягоныя вершы набываюць выгляд араторыяў і вакальна-сымфанічных паэмаў. Да прыкладу, Уладзімер Кур’ян стварыў такую паэму паводле твору «Памяці маці», далучыўшы сьпявачку Валяньціну Пархоменку й Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі.
10. «Жаўранак каханьня» (Р.Барадулін – Т.Грыневіч, вык. Т.Грыневіч)
Удзельніца Дзяржаўнага камэрнага хору Тацьцяна Грыневіч уключыла гэты сьпеў у зборнік беларускіх рамансаў «Шыпшына» (2011). Верш быў узяты са зборніку «Anima» – дзясятай па ліку кнігі Рыгора Барадуліна, якую выдаў менскі Чырвоны касьцёл. Не сакрэт, што ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюкпадчас імшы часта цытуе вершы Барадуліна.
11. «Будзьма» (Р.Барадулін – Э.Зарыцкі, вык. Я. Навуменка)
У рэпэртуары эстраднага сьпевака Якава Навуменкі меліся дзьве песьні на словы Рыгора Барадуліна. Прычым, да адной зь іх – «Колькі год Беларусі» – Навуменка самастойна напісаў музыку. А песьня «Будзьма» пабачыла сьвет яшчэ да зьяўленьня аднайменнае грамадзкае кампаніі. Яна ўвайшла ў сольны альбом Навуменкі 2006: «Хай жа на гэтым сустрэнемся сьвеце перад сустрэчай на тым…»
12. «Фарфор» (Р.Барадулін – А. Грахоўская, вык. Dream-band «Агатка»)
Найноўшы й вельмі ляканічны ўзор сьпяванае паэзіі Рыгора Барадуліна. Dream-band «Агатка» зьмясьціў гэтую песьню ў сеціве 26 лютага, неўзабаве пасьля 79-га дня народзінаў паэта. Музыку склала стваральніца бэнду Аляксандра Грахоўская, вядомая таксама сваім ўдзелам у фольк-тэатры «Госьціца».
Дадамо, што яшчэ некалькі добрых песень на словы Рыгора Барадуліна можна адшукаць у сэрыі «Беларускі хрысьціняскі гіт» (часткі 1, 3, 5). На бардаўскай сцэне выконваюцца шматлікія ягоныя пераклады замежных аўтараў. Акром таго, Рыгор Барадулін пасьпеў паўдзельнічаць як дэкляматар у стварэньні кружэлкі «Галасы…» (праект Сяргея Панізьніка ды Глеба Лабадзенкі). Ягоныя вершы на гэтым дыску прадстаўленыя ў дзьвюх вэрсіях: голасам літаратара ва ўзросьце Хрыста (1968) і прызнанага жывога клясыка (2009).