Паважаныя аматары і прыхільнікі прыгожай беларускай паэзіі!
Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча запрашаюць на творчы вечар Галіны Каржанеўскай “Каб стала восенню – вяснова…”, прысвечаны юбілею паэткі. Яе павіншуюць сябры і прыхільнікі, землякі, настаўнікі і вучні, прадстаўнікі літаратурных выданняў і грамадскіх суполак, прагучаць любімыя песні.
Галіна Анатольеўна Каржанеўская − паэт, драматург, публіцыст. Нарадзілася 27 жніўня 1950 года ў в. Лясішча Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, выкладала беларускую мову і літаратуру ў школе. У 1980 – 82 працавала ў літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання, з 1984 з’яўлялася карэспандэнтам аддзела прозы і паэзіі газеты “Літаратура і мастацтва”. Першыя вершы паэткі надрукаваны ў 1967 годзе ў часопісе “Маладосць”, газеце «Знамя юности». Напісала п’есы для дзяцей “Іван Світаннік”, “Шукайце кветку-папараць” і інш., выдала кнігу п’ес. Выступае з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар паэтычных зборнікаў “На мове шчасця” (1973), “Мой сад” (1976), “Званы гадоў” (1980), “Жыла-была…” (1983), “Вечны водгук” (1988), “Невымоўнае” (1991) і інш., а таксама некалькіх кніг для дзяцей.
Паэтку хвалююць чалавечыя ўзаемаадносіны, тэмы сяброўства, мацярынства, кахання. Яе лірыка закранае чытача душэўнай чысцінёй, абвостраным пачуццём справядлівасці, пошукам адказаў на вечныя пытанні сэнсу жыцця, хуткаплыннасці часу…
Імпрэза адбудзецца
15 верасня 2010 года, а 18-й гадзіне
ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча
(г.Мінск, Траецкае прадмесце, вул. М.Багдановіча, 7а)