У выніковай экспазіцыі міжнароднага пленэра па кераміцы прадстаўлена каля ста работ.
30 ліпеня ў галерэі Бабруйскага мастацкага музея адбылося адкрыццё выніковай выставы 13-га міжнароднага пленэра па кераміцы “Арт-Жыжаль”.
Традыцыйны керамічны форум праходзіў з 10 па 31 ліпеня пад Бабруйскам – на базе адпачынку “Вербкі”.
На адкрыцці экспазіцыі ўдзельнікаў пленэру і гледачоў віталі прадстаўнікі мясцовай улады. Яны ўручылі ўсім 22-м майстрам керамікі з дзесяці краін сертыфікаты ўдзельнікаў пленэру і сувеніры.
Керамісты падарылі ўладам адну з сваіх работ. А мастак расійскага паходжання з Францыі – Ірына Ракава – выступіла ад імя ўдзельнікаў пленэру з вельмі цёплай і кранальнай прамовай.
Усяго на выставу былі адабраны каля ста твораў, у тым ліку, галоўнае тварэнне – агнявая скульптура. У гэтым годзе ёю стаў керамічны аўтапартрэт кіраўніка «Арт-Жыжаля» Валерыя Калтыгіна, да якога прыклалі сваю руку ўсе ўдзельнікі сімпозіума.
Асноўная тэматыка работ цяперашняга пленэру – экалагічная. Акрамя скульптур, у экспазіцыі прадстаўлены некалькі пано на заяўленую тэму «Чалавек у навакольным асяроддзі».
Выстава “Кераміка ночы” працягнецца ў Бабруйску да сярэдзіны верасня. Затым экспазіцыя пераедзе ў Мінск і Магілёў.
Аляксандр Багдановіч
Фота Віктар Масаловіч, babruysk.by