Гісторыя з глыбіні стагоддзяў становіцца здабыткам, дзякуючы “Беларускай хатцы” – этнаграфічнаму цэнтру для навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
У калекцыі “Беларускай хаткі” сабраныя старадаўнія калаўроты, дзежкі, гліняны посуд, даматканыя ручнікі, самавары, вугальныя прасы, драўляныя карыта. Усё гэта збіралася многія гады. Ёсць экспанаты не толькі з Магілёўскага рэгіёну, але таксама з Гомельскага. Навучэнцы каледжа знаходзяць усе гэтыя прадметы даўніны ў дамах сваіх дзядуляў і бабуль.
У “Беларускай хатцы” праводзяцца абрады, такія як “Купалле”, “Масленіца”, “Каляды”, “Дзяды”, “Сёмуха” і многія іншыя. Інтэр’ер “Беларускай хаткі” дапамагае пранікнуцца атмасферай былых часоў. Драўляныя сцены, лавы, стол і ложак – усё гэта ператварыла звычайны навучальны клас у “Беларускую хатку”. Тут нават ёсць імітацыя печкі. Яна, як вядома, служыла ў нашых продкаў не проста хатнім агменем. Печ займала галоўнае месца ў хаце, была знакам жыцця, жыватворным агменем, які сілкаваў сілай сонца ўсіх дамачадцаў.
Дарэчы, у “Беларускай хатцы” з’явілася свая добрая традыцыя. Маладыя дзяўчыны, якія сваімі рукамі робяць абрадавую ляльку пад назвай “Хачу замуж”, знаходзяць сабе жаніхоў і шчасна ствараюць сем’і, – прызналася гаспадыня “Беларускай хаткі” Вольга Куржалава. Каля печы ў “Беларускай хатцы” стаяць старадаўнія дзежкі. Яны зроблены рукамі майстроў-самавукаў і, “пражыўшы” стагоддзе, “памятаюць” беларускія абрады.
Старадаўнія ручнікі ў “Беларускай хатцы” ўпрыгожваюць абраз у “чырвоным куце” і ў якасці абярэга вянчаюць ўваход у імправізаванае жыллё. Іншыя старадаўнія прадметы рукадзелля захоўваюцца ў куфры. Усе яны вышыты дзівоснымі ўзорамі. У кожным вітку хаваецца свой глыбокі сэнс. Аднаму ручніку, які ёсць у калекцыі, ужо споўнілася 100 гадоў.