У гарадзенскай выставачнай зале адкрылася выстава, якую можна лічыць прыступкай да Х юбілейнага фестывалю нацыянальных культур. Яна носіць назву “Гродна вачыма мастакоў розных нацыянальнасцяў. Прадстаўнікі пяці краінаў — Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Арменіі — прадставілі гарадзенцам свае творы. На іх адлюстраваны горад і ваколіцы, і яны намаляваныя падчас плэнеру, што адбываўся ў Каралінскім маёнтку Тызенгаўза. Пра выставу расказвае дырэктарка гарадзенскай выставачнай залы Ірына Сільвановіч:
— Арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб удзельнікам пленэра было ў Гародні вельмі цёпла, прыемна працаваць. Думаю, што ў гэты год гасціннасці ўсё атрымалася. Яны паедуць з вельмі цёплым адчуваннем ад нашага горада. За гэты час было намалявана вельмі шмат працаў — у нашай выставачнай зале прысутнічае далёка не ўсё.
Пра свае ўражанні ад пленера і пра працы, прадстаўленыя на выставе, апавядаюць яе ўдзельнікі. Аляксандр Грышкевіч з Мінска вельмі прыемна ўражаны Гародняй:
— На гэтым пленэры я ўжо не першы раз. У гэтым годзе падабраўся выдатны калектыў. Многія мастакі, якіх я ўжо ведаю. Пахадзілі па горадзе, пакупаліся ў рэчцы, пазагаралі, памалявалі.
— Якая, на вашую думку, асаблівасць Гародні ў параўнанні з іншымі гарадамі?
— Гэта такі заходні беларускі горад — гэтым ён адрозніваецца нават ад Мінска. Архітэктура і дамы захаваліся. Не магу сказаць, што ў нас у Мінску ёсць такія куточкі, дзе вельмі прыемна знаходзіцца. Выпіць кавы, прайсціся, проста пагуляць. Такі невялікі “бандэраўскі” горад.
Удзельнік з Арменіі Армэн Ванцян вельмі ўражаны гарадзенскім паветрам:
— Тут чыстае паветра, вельмі прыемная прырода. Тут зусім іншыя колеры — не такія, як у нас у Арменіі. Горад нічым не падобны да Арменіі. Мне здаецца, што нават неба тут іншага колеру. Тут дамы фарбаваныя, а у нас з каменю. Таксама тут адчуваецца чысціня, як на вуліцах, так і ў людзях.
Выстава скончыцца ў сярэдзіне чэрвеня, і арганізатары спадзяюцца, што яна будзе цікавая прадстаўнікам розных краінаў падчас Фэсту нацыянальных культур, які пачнецца ў Гародні 6 чэрвеня 2014 года.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі