Прэзентацыя выставы гадзіннікаў эпохі Напалеона адбылася 28 мая ў музеі гомельскага Палаца Румянцавых і Паскевічаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Аксана Торапава.
У назве экспазіцыі выкарыстаны першы радок верша Аляксандра Блока “Идут часы, и дни, и годы”. Прадстаўленыя “нязменныя сведкі часу” ўжо самі па сабе перадаюць эпоху, у якую былі створаны. Наведвальнікі могуць убачыць калекцыю гадзіннікаў у акружэнні старадаўняй мэблі – прадметаў так званай Другой імперыі (трэцяя чвэрць XIX стагоддзя). Гэты час звязаны з узыходжаннем на імператарскі трон Францыі Напалеона III і характарызуецца адраджэннем гістарычных стыляў у інтэр’ерным убранні. Экспазіцыя ўключае амаль 50 прадметаў, у тым ліку – 20 гадзіннікаў.
Удзельнікі прэзентацыі маюць магчымасць у дэталях азнаёміцца з некалькімі відамі хранометраў XIX- пачатку XX стагоддзяў, акунуцца ў еўрапейскую эпоху, з якой пачаўся перыяд эклектызму ў еўрапейскім мастацтве. З яго прыходам у арыстакратычных дамах стаў правілам зварот да старых “манархічных” стыляў. У прыдворных колах з’явілася мода на раскошную абстаноўку інтэр’ераў, карціны ў багатых рамах, цяжкія фіранкі, багата дэкараваную мэблю. Дарэчы, гэтыя новыя для таго часу павевы закранулі і перабудову Гомельскага палаца, выкананую па жаданні князя Фёдара Іванавіча Паскевіча, які ўступіў у спадчыннае валоданне палацам . Пышнае ўбранне палацавых апартаментаў таго перыяду захавалі фатаграфіі Джавані Біянкі, якія знаходзяцца ў фондах Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу.
У гомельскім палацы асаблівае стаўленне да старадаўніх гадзіннікаў. Тут захоўваецца калекцыя камінных гадзіннікаў, якую збіралі былыя ўладальнікі гомельскага палаца ў XIX стагоддзі. З часам калекцыя музея папаўнялася новымі паступленнямі. Сярод іх кішэнныя і наручныя гадзіннікі, мноства варыянтаў насценных гадзіннікаў-шафак ў драўляных карпусах, перанасныя гадзіннікі і будзільнікі. Сёння лепшыя ўзоры з калекцыі гадзіннікаў музея ўпрыгожваюць экспазіцыю ў вежы “Уладальнікі Гомельскага маёнтка – Румянцавы і Паскевічы” і Чырвоную гасціную, у якіх зроблены спробы гістарычнай рэканструкцыі інтэр’ераў палаца канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў.