Шостага лютага спонілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомагабеларускага паэта Аркадзя Куляшова. Нягледзячы на разнастайныя імпрэзы, што пройдуць з гэтай нагоды ў Магілеве, помнік літаратару стаіць пакуль толькі на яго магіле ў Мінску. Пытанне аб усталяванні помніка паэту ўздымалі ў верасні 2012 года студэнты МДУ імя Аркадзя Куляшова перад былым міністрам культуры Паўлам Латушкам, які на словах горача падтрымаў ідэю стварэння помніка Аркадзю Куляшову.
“Аднак ініцыятыва павінна належыць перш за ўсё вам, – удакладніў міністр. – Ініцыюйце перад сваімі дэпутатамі, перад выканаўчай уладай горада гэта пытанне. Міністэрства культуры ініцыятыву стварэння помніка Аркадзю Куляшову адназначна падтрымае”.
Таксама міністр культуры нагадаў, што рашэнне аб усталяванні помнікаў на тэрыторыі нашай краіны прымаецца толькі са згоды кіраўніка дзяржавы. Гэта вызначана пастанаўленнем урада аб парадку стварэння твораў манументальнага мастацтва ў Беларусі.
“Я не маю права меркаваць, якое рашэнне прыме прэзідэнт, але мне здаецца, што Аркадзь Куляшоў – гэта менавіта та асоба, якая сапраўды заслугоўвае таго, каб помнік да яго 100-годдзя з’явіўся ў Магілёве”, – цытуе Латушку сайт Магілёўскага гарвыканкама.
Сёння Латушка ўжо не міністр культуры. У якасці пасла ў Парыжы ён гуляе па берагах Сены, і, пэўна, не ўзгадвае ў гэтыя дні, што казаў правінцыйным студэнтам амаль паўтары гады таму наконт помніка Аркадзю Куляшову.
Ініцыятыва студэнтаў, як аказалася, доўга не жыла, бо нічога не чуваць, каб у Магілёве гучна абмяркоўвалі гэтае пытанне. Выканаўчай уладзе і дэпутатам да стварэння помніка Куляшову, відаць, увогуле справы няма. Яны пэўна зыходзяць з таго, што помнікаў у горадзе хапае, і нічога што большасць з іх гэта помнікі Леніну. Відаць, гэты бальшавіцкі дзеяч, што заліў крывёю паўсвета, ёсць сапраўдны гонар і годнасць магілёўскай зямлі. А з нагоды 100-годдзя Аркадзя Куляшова дастаткова непрацяглых па часе мерапрыемстваў.
Так, на 6 лютага ў Музеі гісторыі Магілёва была намечана літаратурна-музычная кампазыцыя «Асуджан я любоўю пажыццёва», якую рыхтавала Цэнтральная гарадская бібліятэка ім. К. Маркса. Шэраг святочных мерапрыемстваў быў запланаваны на той дзень 6 лютага і ў МДУ ім. Куляшова. Так, у рамках інфармацыйнай акцыі «А што ты ведаешь пра А.А. Куляшова» на сцэнах, стэндах навучальный установы размесцілі інфармацыйныя плакаты пра цікавыя факты з жыцця і творчай дзейнасці паэта. У музейным пакоі была запланавана тэматычная экскурсія, а на педагагічным факультэце – конкурс чытальнікаў па творчасці пісьменніка.
“Пазней — з лютага па красавік — ва ўніверсітэце правядуць спецыяльныя куратарскія гадзіны, арганізуць мастацкую выставу студэнтаў па матывах творчасці Аркадзя Куляшова. У бібліятэцы навучальнай ўстановы падрыхтуюць кніжную экспазіцыю і віртуальную прэзентацыю. Завершаць святочны марафон студэнцкая канферэнцыя і ўрачысты творчы вечар.
У абласной бібліятэцы ім. Леніна пачалі дзейнічаць юбілейная персанальная выстава «Паміж наступным і былым» і кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя «Волат беларускай паэзіі». У аснову першай экспазіцыі пакладзены архіўныя дакументы і матэрыялы аб жыцці і творчасці народнага паэта з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Найбольшую цікавасць выклікаюць аўтабіяграфія Аркадзя Куляшова, унікальныя фотаздымкі, шматлікія пасведчанні, дыпломы і ганаровыя граматы, лісты ад сяброў і пісьменнікаў, а таксама аўтографы перакладаў і вершаў паэта. Дапаўняюць экспазіцыю асобныя выданні твораў паэта, прыжыццёвыя зборнікі вершаў на беларускай, рускай і замежных мовах, а таксама літаратурна-крытычныя нарысы даследчыкаў жыцця і творчасці.
Другая экспазіцыя пераследуе мэту найбольш поўна прадставіць творчую спадчыну пісьменніка. Зараз у фондзе абласной бібліятэкі налічваецца 69 экзэмпляраў кніг Аркадзя Куляшова. Сярод дэманстрыруемых экспанатаў можна знайсці шматлікія зборнікі паэта, фотадакументы, выказванні пісьменніка, артыкулы, літаратуразнаўчыя матэрыялы. Усе яны служаць сведкамі няспыннага жыцця і творчага ўспрымання сучаснасці паэтам.
Для магілёўцаў, што сябруюць з сучасная тэхнікай, бібліятэка падрыхтавала віртуальную выставу «Сэрцам да подзвігу дакраніся». Яна змяшчае ў сабе некалькі электронных выданняў, якія падрабязна распавядаюць пра жыццёвы шлях Аркадзя Куляшова. Тут жа можна азнаёміцца з яго літаратурнай спадчынай і нататкамі крытыкаў аб творчай дзейнасці пісьменніка.
Вянцом юбілея майстра слова стаў выпуск паштовай маркі «100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Рэспублікі Беларусь Аркадзя Куляшова». Яе выканаў мастак Мікалай Руды. Поўнакаляровую марку памерам 26×37 мм выдалі тыражом ў 60 тыс. экзэмпляраў”, – піша Мycity.by.