Нягледзячы на практычна поўную адсутнасць рэкламы (мерапрыемства піярылi толькі праз сацсеткi і на парачцы гарадскіх сайтаў), 18 і 19 жніўня на галоўны гарадскі пляж Дняпра прыйшло некалькі сотняў чалавек. Людзі гулялі, размаўлялі, жартавалі, тут жа кожны ахвочы мог за 7-10 рублёў набыць папяровы ліхтарык, каб потым запусціць яго на ваду і загадаць самае патаемнае жаданне.
Дзеці (пад наглядам бацькоў, зразумела) плёскаліся ў вадзе каля самага берага, закаханыя парачкі цалаваліся ў цені дрэў ці шпацыравалі за ручку ўздоўж берага — словам, увечары на пляжы панавала атмасфера супакаення і рамантыкі.
Усё гэта дзейства праходзіла пад жывую музыку: на беразе выступалі невядомыя мясцовыя музыканты і танцоры, але адсутнасць рэгалій не перашкодзіла ім пацешыць публіку. Асобна трэба сказаць пра магілёўскіх фаершчыкаў, без якіх не абыходзіцца, напэўна, ні воднае магілёўскае свята. І гэтым разам хлопцы з клуба “Вогненныя ваўкі” не падкачалі і паказалі шыкоўнае шоў, ад якога вачэй немагчыма было адвесці ні дзецям, ні дарослым.
Пра што арганізатары не падумалі, дык гэта пра тое, што нядрэнна было б накарміць і напаіць тых, хто да іх прыйшоў. Адной кропкі з марозівам удзельнікам мерапрыемства відавочна не хапала. Было б цудоўна, калі б тут можна было купіць яшчэ i кавы ці гамбургер: тады мерапрыемства, магчыма, наогул выйшла б на новы ўзровень — такі модны гарадскi пікнік.
З агульным запускам крыху зацягнулі. Многія (асабліва тыя, хто прыйшоў з маленькімі дзецьмі) не сталі чакаць адмашкі і запускалі ліхтарыкі самастойна, каб паспець дадому да ночы. Менавіта таму, калі каманда запускаць ўсё ж прагучала, “заплыў” атрымаўся не такім масавым і відовішчным, як на карцiнках з інтэрнэту. Некаторыя ліхтарыкі цягам прыбівала назад да берага — іх тут жа вылоўлівалі шчаслівыя дзеці і запускалі па новай.
У цэлым для Магілёва, не распешчанага цікавымі падзеямі і забаўкамі, атрымалася няблага. Дадатковым плюсікам ў карму арганізатараў (арт-праекта “Вместе Зажигаем”) стала тое, што раніцай яны прыйшлі на пляж, каб ужо пры свеце дня пераканацца, што ўсе вакол чыста. Спадзяемся, юнакі яшчэ не раз вернуцца у горад на Дняпры з цікавымі ідэямі.
Іра Тонева, Марыя Гілёва