21 сакавіка стартаваў адзін з самых чаканых ў Магілёве фэстаў — Міжнародны моладзевы тэатральны форум “Март-контакт”. Фестываль праходзіць ужо дзявяты раз, і цягам усяго наступнага тыдня гледачы змогуць убачыць 17 спектакляў з розных краін.
Пачаўся форум з прэс-канферэнцыі з сябрамi журы. Арганізатары фестывалю і сябры журы расказалі, што будзе адбывацца гэтым разам. Акцёраў і рэжысёраў чакаюць майстар-класы, а гледачы змогуць наведаць выставу фатаздымкаў, творчую сустрэчу з Адай Рогаўцавай і эксперыментальны спектакль Юрыя Дзівакова. Акрамя таго, штодня будзе выходзіць веснік “Март-контакта” — моладзевая газета, у якой можна будзе прачытаць водгукі пра спектаклі і інтэрв’ю з гасцямі форуму.
Хаця ўсе сябры журы — людзі ва ўзросце, яны паабяцалі, што паспрабуюць паглядзець на спектаклі менавіта з пазіцыі моладзі. Гэтым разам пераможцы будуць абвешчаныя ў пяці намінацыях. Тры з іх застаюцца нязменнымі з года ў год: «Гран-пры фестывалю», «Найлепшы акцёр» і «Найлепшая актрыса». А яшчэ дзве намінацыі сябры журы прыдумаюць самі ў канцы фестывалю.
Для гледачоў форум пачаўся з яркага прадстаўлення на плошчы каля Драмтэатра. Акцёры на хадулях размахвалі велізарнымі сцягамі з лагатыпам “Март-контакта”, кавер-гурт «Jazz City Band» граў і танчыў на прыступках тэатра, а затым магілёўцы ўбачылі эфектнае фаер-шоу. У фае тэатра ўсіх гасцей фестывалю сустракалі «каты» і «коткі» — цікава загрыміраваныя клоуны, якія да пачатку спектакля забаўлялі гледачоў.
Першы спектакль форуму прайшоў раней у лялечным тэатры — гэта была польская пастаноўка Milka, монаспектакль, які ішоў на польскай мове з субтытрамі. А другім спектаклем стала пастаноўка «Аракул?» Мінскага тэатра імя Горкага. Многія ідуць на “Март-контакт”, каб паглядзець на замежныя тэатры, якія вельмі рэдка прыязджаюць у Беларусь з гастролямі, але гэтым разам і мінскі тэатр здолеў заваяваць гледачоў — спектакль атрымаўся вясёлы і яркі, так што акцёрам яшчэ доўга пляскалі па заканчэнні.
Марыя Гілёва