Жыхары Ракава пазнаёміліся з кнігай, якая дапаможа ім даведацца пра сваіх продкаў. У цэнтры народнай творчасці Ракава пры дапамозе кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла прэзентацыя кнігі “Невядомы Ракаў: могілкі пад базыльянскім крыжам”. Стварыла яе Ініцыятыва аховы і пашпартызацыі гістарычных могілак Беларусі.
– Мы намагалася сабраць у адным выданні кароткую гісторыю Ракава, збор і апісанне ўсіх могілак мястэчка, а таксама гісторыю саміх старых праваслаўных (а раней – уніяцкіх) могілак Ракава, – расказала даследчыца-некрапаліст, каардынатар Ініцыятывы аховы і пашпартызацыі гістарычных могілак Беларусі Вольга Сямашка.
Кніга сталася вынікам прац па добраўпарадкаванні тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс старых праваслаўных (уніяцкіх) могілак дзвявятнаццатага стагоддзя” ў Ракаве.
У працэсе даследаванняў сябры Ініцыятывы прыйшлі да высновы, што кожныя з шэсці могілак Ракава ўяўляюць сабой найцікавейшыя месцы памяці і кожныя патрабуюць асобна выдадзенай кнігі. Аднак сканцэнтраваліся менавіта на старых праваслаўных (уніяцкіх) могілках, паколькі яшчэ ў 2005 годзе яны былі абароненыя ад зносу.
Як баранілі могілкі
Валанцёры Ініцыятывы сабралі подпісы мясцовых жыхароў, накіравалі неабходныя паперы ў Міністэрства культуры Беларусі.
– І здарыўся цуд! – дзеліцца Вольга. – Могілкі былі ўзяты пад ахову дзяржавы. Пасля гэтага распачалі апісанне могілак. Аднак яно ўскладнялася рознымі акалічнасцямі – у тым ліку фактамі вандалізму.
– Здаралася, надгробкі былі паваленыя і не было аніякай мажлівасці іх узняць на старое месца, ці хаця б расчытаць, – працягвае даследчыца. – Да таго ж набыты статус аніяк не абараніў могілкі ад новых падхаванняў наўпрост на самой тэрыторыі і ахоўнай зоне. Таму мы ініцыявалі збор подпісаў з мэтай спыніць незаконную гаспадарчую дзейнасць на аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны. У цэлым усё атрымалася, з мясцовымі ўладамі знайшлі кампраміс. Яны ўзялі на сябе шэраг абавязальніцтваў, у тым ліку добраўпарадкаваць тэрыторыю могілак.
Увесь гэты працэс апісаны ў кнізе. Аўтары хацелі, каб чытачы даведаліся пра механізм аховы могілак і ініцыявання ўнясенння іх у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Дзед-каваль лідара гурту “Князь Мышкін” пахаваны на ракаўскіх могілках
Зала была перапоўненая: на прэзентацыю прыйшлі людзі ўсіх узростаў. Жыхарам было вельмі цікава даведацца новае пра Ракаў. Задавалі яны шмат пытанняў.
– Бачна, што людзям не абыякава сітуацыя не толькі з гэтымі могілкамі. Іх хвалюе лёс і каталіцкіх, і яўрэйскіх могілак, гісторыя на сумежжы культур, – кажа Вольга.
На прэзентацыі выступіў музыка і лідар гурту “Князь Мышкін” Леанід Нарушэвіч. Ягоны дзед – каваль Максім Нарушэвіч пахаваны на гэтых могілках. У кнізе прыводзяць прыклады таго, што кавальскія вырабы Ракава, асабліва сакральныя крыжы, цаніліся па ўсёй Беларусі. Адзін з іх патрапіў у кнігу аб беларускім кавальстве. У 2005 годзе гэты крыж выратавалі ад знішчэння і перадалі на захаванне ў музей братоў Янушкевічаў у Ракаве.
На прэзентацыі адбылася віктарына на прызы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Прагучала шэсць пытанняў аб гісторыі Ракава – і на ўсе адразу далі правільныя адказы.
Кніга – для кожнага
Кожнаму ўдзельніку прэзентацыі ўручылі экзэмпляр кнігі.
– Людзі шчыра дзякавалі за выданне кнігі. А мы хочам падзякаваць за тое, што нас гасцінна прынялі ў Цэнтры народнай творчасці, – расказвае Вольга. – Выхад кнігі супаў з праектам адраджэння капліцы ля святой ракаўскай крыніцы, таму гучалі прамовы аб тым, што ў беларускіх гарадах усе рэлігіі жылі мірна, і так павінна быць і надалей. Язэп Янушкевіч падкрэсліў важнасць кнігі з тае пазіцыі, што большасць архіўных звестак аб жыхарах Ракава дзевятнаццатага стагоддзя згарэла, а значыцца гэта кніга – апошняя мажлівасць даведацца аб сваіх продках, пахаваных у Ракаве.
Асобныя падзякі ад удзельнікаў былі за тое, што зараз з’явілася мажлівасць адшукаць сваякоў на старых могілках. Былі просьбы выдаць кнігі і пра астатнія могілкі Ракава.
Алесь ВЫСОЦКІ.
На здымках: вокладка кнігі, на прэзентацыю завіталі і з такімі юнымі дзецьмі.
Фота забяспечана Вольгай Сямашка.