У фае Віцебскай абласной бібліятэкі праходзіць выстава Вікенція Ральцэвіча, наведвальнікі могуць азнаёміцца з яго акварэльнымі працамі ў розных напрамках.
Вікенцій Ральцэвіч з’яўляецца адным з найстарэйшых і паважаных прадстаўнікоў цяперашняй Віцебскай мастацкай школы, якія працуюць у самых разнастайных плынях і стылях. Будучы эксперыментатарам па сваёй прыродзе, ён адкрывае як новыя спосабы выяўленчасці ў традыцыйных жанрах, так і стварае свае ўласныя напрамкі. Цяперашняя выстава прысвечана яго акварэлі, у якой ён таксама непаўторны, і па змесце, і па тэхніцы выканання, ствараючы незвычайна насычаныя і глыбокія па колеры творы.
Як сказаў у сваім выступе мастацтвазнаўца Міхаіл Цыбульскі, на жаль, сам Вікенцій Ральцэвіч апошнім часам рэдка з’яўляецца на выставах. Так атрымалася, што і на ўласным вернісажы самога вінаватага імпрэзы не было. Пра яго казалі яго знаёмыя і калегі. Мастак Уладзімір Вальноў адзначыў, што нягледзячы на камернасць выставы відаць, які Вікенцій Ральцэвіч акварэліст. У невялікай экспазіцыі адлюстраваны некаторыя важныя рысы яго творчасці.
Першая дае ўяўленне аб ім як падарожніку. Уладзімір Вальноў казаў пра Камчатку, якую тры разы наведваў Вікенцій Ральцэвіч. Адна з карцін, прадстаўленых на выставе, з’явілася вынікам падобных паездак. Падарожжы мастака ніколі не праходзілі ва ўмовах бытавога камфорту, іх можна аднесці да таго, што цяпер называюць «экстрэмальных турызмам». У асаблівасці ўлічваючы цікаўнасць і асабістую смеласць самога майстра.
Уладзімір Вальноў нагадаў, што юбіляр выставы яшчэ і збірае прыродныя формы, якія дадумвае і стварае мудрагелістыя працы. Дзейнасць фантазіі мастака дасканалым чынам спалучаецца з найтонкім адчуваннем прыроднай рэальнасці. У прыродных формах ён знаходзіць падабенства з міфалогіяй і легендамі, што і таленавіта выказвае, ствараючы свайго роду казку.
Апошні перыяд творчасці Вікенція Ральцэвіча характарызуецца асаблівай звернутасцю да абстракцыі. Мастак выходзіць за межы прыродных формаў, але яго абстрактныя работы яшчэ больш абагульнена перадаюць колеры і гукі прыроднага свету і космасу. Зрэшты, абстрактныя творы Вікенція Ральцэвіча вядомыя яшчэ з савецкіх часоў. Тады ў пару бязлітаснай барацьбы з фармалізмам у выяўленчым мастацтве ён сцвярджаў сваёй творчасцю права на выраз сэнсу праз мастацкія метады, якія ідэалагічна ня ўхваляліся.
Выставу ў Віцебскай абласной бібліятэцы можна ўспрымаць як папярэднюю вельмі значнаму юбілею мастака. У 2016 годзе Вікенцію Ральцэвічу спаўняецца 80 гадоў. І тады чакаецца сур’ёзная экспазіцыя ў Віцебскім мастацкім музеі. Пажадаем майстру падысці да гэтай даты ў добрым здароўі і з новымі творчымі задумамі. А жыхарам Віцебска не праходзіць міма Віцебскай абласной бібліятэкі, а цалкам бясплатна на першым паверсе насыціцца ўражаннямі ад глыбокай па сэнсу і манеры выяўлення акварэлі мастака.
Георгій Каржанеўскі, news.vitebsk.cc