17-18 студзеня ў канцэртнай зале “Віцебск” абласнога цэнтра праходзіў ХХХ Міжнародны конкурс па спартыўных бальных танцах “Віцебская сняжынка».
Віцебскі фестываль падводзіў вынікі трыццацігадовай дзейнасці ў цяжкі для танцавальнага свету час. Верагодна, таму пераважная большасць пар была з Беларусі. Асабліва была заўважна адсутнасць расійскіх танцораў, што, хутчэй за ўсё, стала наступствам фінансавага крызісу, які пачаўся ў Расіі. Магчыма таксама, што расейцы праігнаравалі юбілейны турнір з-за таго, што ён не з’яўляўся афіцыйным мерапрыемствам ні WDSF, ні WDC і, адпаведна, танцорам не налічваліся ачкі ў гэтых рэйтынгах.
У той жа час, па словах арганізатара Наталлі Таўсташавай у гонар трыццацігоддзя “Віцебская сняжынка» змяніла фармат і прайшла ў святочна-фестывальным рэжыме, пакінуўшы спартыўны складнік на другім плане.
Удзельнікі ацанілі новую атмасферу фестывалю. Па іх ўражанні гэта быў хатні святочны вельмі цёплы турнір, які аб’яднаў усіх прыехаўшых танцораў.
Не гледзячы на фестывальны фармат спаборніцтвы ўсё ж праходзілі – у іх выступілі танцавальныя дуэты з Беларусі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Румыніі, Чэхіі, Украіны самых розных узроставых груп.
У гэтым годзе, напэўна не ў апошнюю чаргу з-за слабога прадстаўніцтвы замежных танцораў, у большасці выпадкаў прыступкі п’едэстала дзялілі паміж сабой прадстаўнікі клубаў Віцебска і Мінска. У самай жа прэстыжнай намінацыі – праграме «Стандарт» для дарослых спартсменаў – перамагла пара з Польшчы.
Спаборніцтвы па спартыўных танцах падзеленыя на дзве праграмы: еўрапейскую і лацінаамерыканскую. Першая складаецца з павольнага вальса, танга, венскага вальса, павольнага факстроту і квікстэпа, а лацінаамерыканскую праграму складаюць самба, ча-ча-ча, румба, пасадобль і джайв. У залежнасці ад узроставай катэгорыі спартсмены могуць танцаваць не ўсе гэтыя танцы, а самыя маленькія – толькі два.
Таксама гледачы юбілейнага фестывалю “Віцебскай Сняжынка” змаглі ўбачыць паказальныя праграмы тытулаваных спартсменаў: чэмпіёнаў Германіі сярод прафесійных выканаўцаў спартыўнага бальнага танца па лацінаамерыканскай праграме Аксаны Лебедзевай і Іллі Русо, а таксама пераможцаў Блэкпулскага фестывалю ў Англіі па еўрапейскай праграме Гражыны Гамбіцкі і Шымана Каліноўскага.
Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебска