Ці задумваліся вы у якім стане знаходзяцца нашыя славутыя і зусім невядомыя замкі, фальваркі? Магчыма, многія ездзілі ў школьныя часы па замках, нейкіх вандроўках…. Тады быў адзіны стандартны маршрут: Крэва – Гальшаны – Мір – Нясвіж… Ужо ня памятаю дакладна.. Магчыма ад несістэмнасці вандровак, або іх малой інфармацыйнасці, маладое пакаленне урыўкамі з гісторыі успрымае сваю спадчыну.
Наведаў апошнімі часам Гальшаны, кляштар і палац. У свае школьныя гады, 8 год таму, музей быў з невялікімі экспанатамі, з расколінамі ў сценах.
Багатая гісторыя гэтага краю не дае мне спакою з першага прыезду ў 16 год. Пад час вандровак з незвычайна вялікім імпэтам паглынаў усе новыя кавалкі гісторыі Гальшан і іх уладальнікаў у розныя часы. Гальшаны вядомая па летапісах з 13 стагоддзя. У 1525 годзе стаяў драўляны замак і валодалі ім тады Князі Гальшанскія. Пасля шлюбу Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам ён перайшоў у валоданне Сапегаў.
Веліч мінулага
У гады паўночнай вайны замак быў большай часткай разбураны шведамі (Сапега ў той вайне быў на баку шведаў). Яго знішчэнне завяршыў у 1880 г. апошні яго гаспадар Гарбанёў. Ён узарваў вежы і сцены, а цэглу пусціў на будаўніцтва карчмы.
У савецкія часы вырашылі ў Гальшанах будаваць клуб, але матэрыялаў не хапала (улады тады далі толькі палову), і кожнаму шкаляру трэ было адбіць ад замка 80 цаглін, толькі тады ён магу вяртацца на лета да бацькоў. Гэта цягнулася да таго моманту пакуль сцяна не абвалілася і не забіла хлопчыка… Потым ужо не пасылалі за цэглай.
Так мала засталося…
У мястэчку Гальшаны ў другой палове 16 ст. Быў пабудаваны францысканскі касцёл, перароблены у сярэдзіне 17 ст. Будынак касцёла абкружала каменная агароджа з некалькімі шасціграннымі абарончымі вежамі. У сённяшнія дні ў кляштары ладзяцца выставы, і варта дадаць, што калекцыя і павільён музею стала больш дасканалай і гарманічнай.
Трапезная (выставачная зала) з неверагоднай акустыкай
У музеі нас сустрэлі ветлівыя гіды, і пачалі незвычайную вандроўку ў мінулае.
Незвычайная легенда пра жанчыну, жонку майстра аднаго з будаўнікоў кляштара, якую замуравалі як ахвяру для пабудовы сцяны кляштара (сцяна валілася пры пабудове 5 разоў) не дасць вам ніколі забыцца пра Гальшаны. Легенда пра вялікі падземны ход, які цягнуўся ад замка да касцёла і ў якім маглі раз’ехацца 2 карэты.
Гісторыя пра дзве бутэлькі шампанскага часоў напалеона…. Пад час разбору завалаў на апошнім паверсе з даху вывалілася дзве бутэлькі і пачалі шыпець, працаўнікі музея падумалі, што магчыма гэта старыя снарады і адбеглі у бакі, як сталася, гэта былі бутэлькі выдатнага шампанскага часоў напалеона. Казалі нам: “Ведалі бы, кінуліся бы лавіць, а на сродкі ад продажу палову бы кляштара аднавілі.”
Са слоў супрацоўніцы музея мне стала вядома, што пад час паўстання К. Каліноўскага ў 1863 годзе былі павешаны паўстанцы на галоўнай вуліцы, іх целы не дазвалялі здымаць 4 дні. Яны віселі пакуль Мураўеў не з’ехаў з Гальшан. Салдаты знялі іх з шыбеніц ноччу, пахавалі ў невядомым месцы, затапталі коньмі зямлю, каб жыхары Гальшан не знайшлі месца дзе паставіць крыжы…
Па сённяшні дзень знаходзяць косткі на палях вакол мястэчка …
Усмешкі на тварах супрацоўніц пасля сыходу групы замяніў каменны сум з поглядам у невядомасць.
16-га лістапада музей зачыняецца назаўсёды. У міністэрства культуры проста няма грошаў, няма грошаў на будынак, на заробкі, на захаванне гісторыі.
Выдатным варыянтам будзе проста захаванне кляштара, яго рэканструцыя з удзелам кваліфікаваных спецыялістаў суседніх краін. Новы будынак музея выдатна б глядзеўся побач з кляштаром, ці недалёк ад самаго замка. Гальшаны за гады незалежнасці сталі адной з самых знакамітых кропак у маршрутах па гістарычных мясцінах Беларусі. І я упэўнены, нават калі музей зачыняць туды будуць ездзіць.
На колькі сёння людзі гатовыя ўсвядоміць, што жыццё гэта, не толькі праца і карыстальніцтва? Жыццё чалавека гэта турбота аб спадчыне, павага да мінулага, да дзядоў, і самае галоўнае – перадача гэтага будучым пакаленням. Бо толькі калі будзе сталая сувязь каштоўнасцяў паміж мінулым і сённяшнім, мы будзем упэўнены ў будачыні сваіх дзяцей. Кожны можа сябе спытаць: “А што я магу зрабіць?”. На сам рэч, адказ просты, прыцянуць увагу да гэтай праблемы, напісаць ліст у міністэрства, дапамагчы грашова (у лепшым выпадку). Магчыма ў вас знойдуцца яшчэ варыянты.
Нашу гісторыю зможам захаваць толькі мы самі.
Ягор Жучкоў.