Адразу два канцэрты далі ў дзень 100-годдзя ўтварэння БНР усеагульныя ўлюбёнцы — магілёўскi рок-гурт Akute: адзін у сталіцы, другі — у родным Магілёве.
“Сябры! Толькі-толькі завяршылі выступ на Дні Волі ў Мінску i на ўсіх парах ляцім у родны Магілёў!” — напісалі хлопцы ў сваёй групе ў адной з сацсетак і папярэдзілі фанатаў, што могуць трохі затрымацца ў дарозе, паабяцаўшы, што час канцэрта, нягледзячы на спазненне артыстаў, не скароціцца.
У студзені ў гурта выйшаў новы сінгл “Усе песні спетыя”, і нядзельны канцэрт у Магілёве стаў не толькі святкаваннем знакавай для ўсіх беларусаў даты, але і своеасаблівай прэзентацыяй пласцінкі. Людзей у начным клубе “Куба” сабралася надзіва няшмат: звычайна “Акуты” збіраюць значна больш прыхільнікаў. Магчыма, рэч у тэатральным форуме “Март-кантакт”, які праходзіць у гэтыя дні ў Магілёве. А можа, і ў зіме, якая накрыла горад з галавой і не адпускае нават у канцы сакавіка. Так ці інакш, магілёўская публіка сустрэла хлопцаў больш чым роўна. Але Akute не з тых, хто проста так адпусціць сваіх фанатаў.
За ўік-энд у хлопцаў гэта быў ужо чацвёрты канцэрт (у пятніцу яны выступілі ў Гомелі, а ў суботу — у Віцебску), здаецца, іх рэальна прэ ад працы з залай. На пытанне, дзе ім больш спадабалася, Стас Мытнік адказаў:
— Вядома, у Магілёве. Вы ж бачылі, які быў угар? Усё ж відавочна. У нас атрымалася разгайдаць спачатку вельмі цяжкую публіку.
І гэта сапраўды так. Праз пару гадзін канцэрта зала пампавала не па-дзіцячаму — і рэч не ва ўмелай працы барменаў начнога клуба. Хлопцы згулялі паўнавартасны сольнік, выклаліся на ўсе сто адсоткаў. Адны адрываліся на танцпляцы, быццам ім 16, іншыя падпявалі любімыя хіты. Карацей, тыя, хто ўпадабаў канцэрт тэатральнага форуму, не пашкадавалi.
Што да новага сінгла, то ён крыху адрозніваецца ад таго, што хлопцы рабілі раней. Пагаворваюць, Мытніку падарылі сінтэзатар, які ён цяпер актыўна асвойвае, атрымліваецца цiкава і досыць някепска. Хлопцы абяцаюць працягваць эксперыменты i далей, пакуль жа ў іх наперадзе два вялікія канцэрты ў Маскве і Пiцеры і запіс новага альбома, выхад якога запланаваны на гэты год.
Іра Тонева, Марыя Гілёва