На Віцебшчыне вучань Б. Кустодзіева з’явіўся ў 1919 годзе – адразу пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Петраградзе. У горадзе Веліжы, які адносіўся тады да Віцебскай губерні, ён пачаў выкладчыцкую дзейнасць у мастацкай школе. У 1926 годзе У. Хрусталёў пераехаў у Віцебск і стаў выкладаць у мясцовым мастацкім тэхнікуме. Сярод яго вучняў было нямала добра вядомых у рэспубліцы мастакоў. З 1947 года і да заўчаснай смерці Уладзімір Якаўлевіч выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы. А паміж гэтымі падзеямі была Вялікая Айчынная вайна, якую мастак перажыў у акупаваным Віцебску.
Гэта была «цёмная» пляма ў яго біяграфіі , бо да ўсіх, хто апынуўся на акупаванай ворагам тэрыторыі, у пасляваенны час было вельмі насцярожанае стаўленне. Хто ведае, можа быць менавіта гэта і прывяло да таго, што таленавіты мастак і дасведчаны педагог пайшоў з жыцця так рана: усяго ў 57 гадоў.
Нядаўна мне ўдалося выявіць дакументы, якія расказваюць менавіта пра гэты перыяд жыцця У. Хрусталёва. Гэта яго асабістая справа, якая захоўваецца ў фондзе гарадской управы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. Адносіцца яна да 1943 года.
Апынуўшыся ў акупаваным фашыстамі Віцебску, мастак вымушаны быў думаць пра хлеб надзённы не толькі для сябе, але і для двух сваіх малалетніх дзяцей: на пачатку вайны сыну было 5 гадоў, дачцэ – 3 гады. Утрох яны жылі ў кватэры № 9 дома № 29 на Траецкай вуліцы (цяпер – Куйбышава). Таксама некаторы час Хрусталёў жыў у доме з сучасным адрасам вул. Суворава 7/8.
Уладзімір Якаўлевіч заняўся тым , што ён умеў рабіць і што з’яўлялася яго прафесіяй. Каб пазбегнуць якіх-небудзь абвінавачванняў у лаяльнасці да новых уладаў, ён пісаў толькі партрэты і пейзажы. Праўда, як ён адказваў на пытанне аб кантынгенце абслугоўвання, былі гэта ў асноўным «немцы, рэдка насельніцтва горада».
Вельмі малая колькасць дакументаў «Асабістай справы» не дазваляе дастаткова поўна апісаць жыццё мастака У. Хрусталёва ў акупаваным Віцебску. Пра сёе-тое даводзіцца меркаваць гіпатэтычна. Напрыклад, пра тое, што напісаннем партрэтаў і пейзажаў ён займаўся з лета 1941 года, не маючы на гэта спецыяльнага дазволу (патэнта). Высветлілася гэта 24 сакавіка 1943 года, калі фінансавы інспектар гарадской управы рабіў абыход жыхароў свайго ўчастку і «выявіў мастака за працай – зімовым пейзажам». Праз тры тыдні, 15 красавіка, акт аб гэтым склаў памочнік інспектара. У ім паведамляецца, што У. Хрусталёў «займаецца ў сябе дома мастацкай работай без патэнта і рамеснай карткі».
Падобнае парушэнне правілаў пагражала даволі суровым пакараннем, у лепшым выпадку штрафам… Але мастака нават не аштрафавалі. Відаць, паўплывала тое, што ён «усё гэта робіць для нямецкай часткі на аэрадроме, там, дзе і працуе». У. Хрусталёву тэрмінова, у той жа дзень, афармляюць патэнт, за што ён выплачвае пошліну ў памеры 100 рублёў.
Далей у «Справе» прыводзіцца некаторая інфармацыя, якая патрабуецца для фінансавага кантролю. У. Хрусталёва прымушаюць заплаціць падатак за ўвесь перыяд, які ён займаўся «мастацкімі работамі», гэта значыць з пачатку 1943 года, хоць пэўна ён гэтым займаўся і значна раней. Але ў фінансавых работнікаў няма ніякіх доказаў, а сам мастак у гэтым не прызнаецца. Таму падатак аплачваецца толькі з пачатку 1943 года.
За першы квартал жывапісец дэкларуе абарачэнне ў памеры 3070 рублёў, чысты прыбытак – у 2100 рублёў. А вось ужо за другі квартал даецца больш поўная справаздача. Па-першае, У. Хрусталёў паведамляе час, неабходны для выканання работ: на партрэт памерам 30х40 см – 24 гадзіны, на партрэт памерам 50х30 см – 28–30 гадзін. Для таго, каб напісаць пейзаж памерам 50х30 см, яму патрабавалася 30 гадзін, на пейзаж памерам 70х50 см – 40 гадзін.
Па-другое, у гэтай жа справаздачы прыводзяцца звесткі і пра кошт мастацкіх работ. Партрэт памерам 30х40 см прадаваўся за 300 рублёў, партрэт памерам 40х50 см – за 350 рублёў. Столькі ж адпаведна каштавалі пейзажы памерам 50х30 см і памерам 70х50 см. Мастак паведамляе, што арэнда памяшкання (гэта значыць яго жыллё) яму абыходзіцца ў 45 рублёў, а матэрыялы , неабходныя для працы, ён набывае на рынку. Валавы даход за 2‑гі квартал склаў 5745 рублёў, а чысты – 2585,5 рублёў.
Мяркуючы па тым, што «Справа» У. Хрусталёва скончана летам 1943 года і справаздачы за 3‑ці квартал у ёй ужо няма, мастак восенню таго ж года сам з’ехаў з Віцебска ці быў вывезены немцамі. Пацвярджаецца гэта яшчэ і тым, што ў Мінску ён з’явіўся толькі ў 1947 годзе. Мабыць, праходзіў нейкі час праверку пасля вяртання на радзіму. А паколькі мастаку дазволілі педагагічную дзейнасць у Мінскім мастацкім вучылішчы, відаць, ніякіх матэрыялаў, якія б кампраметавалі яго, выяўлена не было. Прыклад Уладзіміра Хрусталёва толькі пацвярджае агульнавядомы факт: хто не хацеў супрацоўнічаць з акупантамі, цалкам мог без гэтага абысціся і выжыць.