Фэст раннесярэднявечнай культуры прайшоў на беразе Нёмана
Уваходжанне ў горад скандынаўскіх судоў глядзелася эфектна. На карме першага грае дуда, па баках – круглыя шчыты з салярным арнаментам, каманда падымае і апускае вёслы ў такт. Падышоўшы да загадзя падрыхтаванай пляцоўкі, ваяры хутка спусціліся і пашыхтаваліся перад атрадам абаронцаў, які ўжо чакаў іх са зброяй у руках: “Слава Ўкраіне!” – “Героям слава!” – прывіталі гарадзенцы гасцей перад боем.
У судаходным фестывалі “З варагаў у грэкі” сёлета ўзялі ўдзел тры ладдзі: “Яцвяг” (Бярозаўка), “Фрэя” (Херсон) ды “Волхаў” (Санкт-Пецярбург). Расійская каманда, праўда, да Гародні так і не дабралася. Удзельнікі, якім такі пашчасціла дайсці, дзеляцца ўражаннямі:
– Нёман – рака на першы погляд паўнаводная, але надзвычай непрадказальная, шмат меляў… Нам гэта цікава, і сёння мы хочам апавесці гісторыю трох этнічных групаў: скандынаваў, балтаў і славянаў.
У праграме фэсту на левым баку Нёмана насупраць замкаў былі паказальныя бойкі, выставы рамеснікаў, кузня, увечары – фаер-шоу і канцэрт фолк-музыкі. Сёлетні фэст унікальны не толькі для Гародні, але і для Беларусі, дзе рыцарскія фэсты пакрысе робяцца традыцыяй, а вось скандынаўская ваенная культура дагэтуль застаецца таямніцай.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара