У культурна-рэлігійным цэнтры віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага пад патранажам пробашча кс. Адама Дынака прайшла вечарына, прысвечаная роднай мове і некаторым аспектам яе бытавання ў грамадстве і Касцёле ў сітуацыі моўнага білінгвізму.
Пра мову як адмысловы арганізм, здольны гуртаваць ці, наадварот, раз’ядноўваць людзей, пра варункі існавання беларускай мовы ў розныя перыяды яе развіцця, сённяшні ўзровень запатрабаванасці разважалі падчас імпрэзы людзі розных прафесій, узростаў, веравызнанняў. З цікавасцю былі сустрэтыя слухачамі сведчанні і развагі пра свой шлях да мовы як сродку камунікацыі і самаідэнтыфікацыі асобы біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, настаўніцы Нэлі Зайцавай, выкладчыка тэхналагічнага ўніверсітэта Віктара Хаданёнка, журналіста Фёдара Шкіранды і інш.
Асобную старонку склала ў сцэнары мерапрыемства абмеркаванне такой з’явы, як беларуска-польскія моўныя сувязі ў сучасным Касцёле. Адзначалася станоўчая роля многіх святароў і сясцёр законных польскага паходжання, якія актыўна паспрыялі сталаму ўкараненню беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё дыяцэзіі і ўсёй краіны.
Не абышлося без твораў мастацкай літаратуры.
Са сваімі творамі пазнаёмілі ўдзельнікаў вечарыны вядомы паэт-гумарыст і перакладчык Міхась Мірановіч і паэтка Таццяна Дубоўская, вершы беларускіх і польскіх аўтараў прачыталі студэнт Раман Калугін і слухачка курсаў польскай мовы, пераможца многіх конкурсаў дэкламатараў Яна Латыш.
Вядоўца імпрэзы Франц Сіўко расказаў пра беларускамоўныя каталіцкія выданні «Наша вера», «Ave Maria», «Каталіцкія навіны», праанансаваў літаратуру, якая можа дапамагчы ў вывучэнні роднай мовы, паспрыяць авалоданню нюансамі яе граматычнага і лексічнага складу.
Удзельнікі вечарыны ўшанавалі хвілінай маўчання памяць народнага паэта Беларусі, сябра Касцёла, выдатнага творцы і грамадзяніна Рыгора Барадуліна.
Фота Анастасіі Лазебнай, Андрэй Шчарбіцкі, catholic.by