Мастак Валерый Ляшкевіч – каларытны жыхар гомельскіх вуліц – гады з два таму пачаў актыўна выстаўляць свае працы і прадаваць рэпрадукцыі ў Санкт-Пецярбургу. Нядаўна была зладжана яго персанальная выстава ў Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Бенларусь. А з 7 сакавіка творы мастака можна пабачыць і на выставе ў Гомелі, у палацы Румянцавых і Паскевічаў.
Першая гомельская выстава спадара Ляшкевіча адбылася ў 1994 годзе. Да таго ж, жыхарам і гасцям горада даўно ўжо прымільгаліся яго вулічныя імправізаваныя вернісажы. Аднак у кнізе “Исповедь в красках” пра мастакоў Гомельшчыны, якая выйшла 2013 годзе, звестак аб мастаку няма. Магчыма, сітуацыя склалася б інакш пасля яго піцерскіх прыгодаў, бо, як вядома, слава і пашана да выбітных людзей Беларусі прыходзіць звычайна праз прызнанне па-за яе межамі.
На выставе “Графіка Валерыя Ляшкевіча” ў палацы Румянцавых і Паскевічаў прадстаўлены графічныя працы мастака, якія паступілі ў фонды музея Гомельскаага палацава-паркавага ансамбля ў 1990-я гады.