З даўніх часоў, калі кнігі былі вялізнай каштоўнасцю, якую маглі дазволіць сабе толькі вельмі заможныя, знатныя людзі, кожны ўладальнік імкнуўся абараніць сваю ўласнасць – пазначыць асаблівым знакам. Такая адзнака была ў чымсьці падобнай да радовага гербу, а звычай наносіць яе на ўнутраны бок кніжнай вокладкі нават афіцыйна прызнаваўся судом. Экслібрыс (ад лац. Ex libris – «з кніг») – такую назву атрымаў гэты знак і, нягледзячы на тое, што з часам кнігі згубілі сваю элітарнасць, не страціў цікавасці ў колах бібліяфілаў з усяго свету.
Гомельскі калекцыянер Аляксандр Шэліпаў ужо некалькі дзясяткаў гадоў збірае экслібрысы, яго збор сапраўды багаты – на сёння ў ім налічваецца больш за 20 тысяч асобнікаў.
Аб сваёй калекцыі Аляксандр Аляксеевіч можа расказваць гадзінамі, і ўсё роўна гэтага будзе мала, бо даўно стаўшы самастойным жанрам друкаванай графікі, мініятурны экслібрыс нясе ў сабе каласальны аб’ём інфармацыі: пра гістарычную эпоху, пра ўладальніка, пра мастака. «Дзверы ў Залюстаркоўе» – так назвалі супрацоўнікі бібліятэкі выставу, і нездарма: у невялікім малюнку, схаваным ад вачэй кніжнай вокладкай, схаваны велізарны свет сэнсаў і вобразаў.
Гербавыя, вензелевые, сюжэтныя – усе віды мастацкіх экслібрысаў прадстаўленыя ў калекцыі Аляксандра Шэліпава. Італьянскія, нямецкія, ангельскія, але больш за ўсё экслібрысаў аўтарства рускага мастака-графіка Анатоля Калашнікава. Яго працы прадстаўлены таксама ў Брытанскім музеі, Лонданскім музеі Вікторыі і многіх вядомых бібліятэках па ўсім свеце. Калашнікаў стварыў экслібрысы для прынца Валійскага, а таксама для Папы Рымскага Яна Паўла II, за што быў нават узнагароджаны срэбным медалём Ватыкана. Аляксандр Шэліпаў пазнаёміўся з мастаком яшчэ ў 1968 годзе і з тых часоў захапіўся яго творчасцю не на жарт. Таксама ў калекцыі гомельскага бібліяфіла ёсцьпрацы Г. Грака, Я. Ціхановіча, В. Картовіча і іншых.
Аляксандр Шэліпаў – член гарадскога клуба калекцыянераў «Юнона», член Нацыянальнага саюза бібліяфілаў, занесены ў міжнародны каталог экслібрыстаў Уільяма Батлера.
Алеся Шацкая, фота: Ірына Чарняўская, newsgomel.by