This movie requires Flash Player 9
30.11.2016 | Мастацтва У краіне

Выстава “Цёплыя тыдні”

У мастацкай галерэі бібліятэкі Пушкіна, у невялікай зале, адкрылася выстава “Цёплыя тыдні”, на якой прадстаўлены аўтарскія вырабы майстроў па валенні. Гэта яркія карціны з воўны Ірыны Калеснікавай, “касмічныя” пледы, заплечнікі з крыламі і лялькі Вольгі Котавай, шалікі і шапкі Ганны Столяравай, берэты і вопратка Аляксандры Гірас, жылеты і інш. Усяго больш за дзесяць майстроў. Для многіх валенне – гэта не проста хобі, а сталая праца.

tn-16-ot-mini

Арганізатар выставы – творчая майстэрня “Artexpo”.

Тут можна пабачыць шмат прыгожых рэчаў, зробленых з такога мяккага, пушыстага матэрыялу, як воўна. Яна бывае грубая, калючая – са свойскіх авечак і далікатная – з мерыносу. Што толькі можна з яе не зрабіць! Любую рэч. А якіх незвычайных колераў. Вось вам арт-рукавічка ў форме авечкі, коціка, з малюнкамі. А гэта снегавічок, лісічка, пеўнік, нават ялінка з ручкамі і тварыкам, як негрыцянятка, анёльчыкі. Столькі яркіх фарбаў, вобразаў, створаных залатымі рукамі таленавітых жанчын.

Заўважыла на адкрыцці выставы 26 лістапада, што амаль усе майстрыцы прыйшлі з прыгожымі валенымі сумачкамі, хто ў сукенцы, хто ў шапцы. Каб паказаць, што гэта модна, стыльна, даступна. І дзякуючы ручной працы выраб атрымліваецца ўнікальным, непаўторным, адметным. А так апранацца заўсёды прагнуць ледзь не ўсе жанчыны.

Для наведнікаў прыдумалі і забаву: закінуўшы валеныя сняжкі ў кошык, можна было атрымаць часопіс “Лукошка ідэй”.

У нядзелю я патрапіла на майстар-шоу па валенні шапкі “лётчык” і кароны ад Ганны Столяравай і Ірыны Калеснікавай для інклюзіўнага паказу моды “Маленькі прынц”. Муж адной з дзяўчат наігрываў на гітары мелодыю, што ўпрыгожвала трошкі доўгі працэс валення – трэба патраціць не менш за 3 гадзіны на адну шапачку. Затое як міла і хораша ўсе назіралі за працэсам і вялі размовы.

Выстава будзе праходзіць 2 тыдні. 4 снежня, у нядзелю, можна будзе пабачыць эксклюзіў – майстар-шоу па валенні шапкі традыцыйным спосабам ад шапавала ў 5-м пакаленні Валянціна Зюлікава.

Святлана Тоўсцік
Фота з сайта artexpo.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика