Сёння грамадзяне Беларусі расколатыя на два лагеры. Яны жывуць пад двума сцягамі, маюць два гербы і дзве дзяржаўныя мовы. Грамадства раз’яднанае не толькі палітычна, але і на грунце стаўлення да розных перыядаў мінуўшчыны і гістарычных падзеяў і суб’ектаў. Як яго кансалідаваць? Пяць рэцэптаў ад экспэртаў “Заўтра тваёй краіны”.
Па словах нямецкага дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Рау Астрыд Зам, гісторыя заўжды з’яўляецца і прадметам палітычных дыскусіяў, і нават палітычных канфліктаў. Сёння канкуруючыя палітычныя праекты прапаноўваюць розныя культурна-гістарычныя варыянты інтэрпрэтацыі беларускае гісторыі.
Адны пераважна арыентуюцца на досвед савецкай, партызанскай Беларусі, іншыя больш арыентуюцца на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, – адзначыла Астрыд Зам на “круглым стале” “Памяць і будучыня: прастора і ідэнтычнасць у Беларусі”, які адбыўся ў рамках ХІ Мінскага форума. — У апошнія гады адбылася пэўная пераарыентацыя, і сёння ўжо ёсць афіцыйныя спробы інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці, якія імкнуцца інтэграваць два гэтыя прыклады гістарычнае мінуўшчыны.
Што для беларуса гістарычная памяць
З меркавання кандыдата гістарычных навук Ігара Кузняцова, цяпершняе кіраўнгіцтва Беларусі зусім не надае ўвагі такой старонцы беларускай гісторыі, як сталінскія рэпрэсіі. За апошнія дваццаць год у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя па гісторыі палітычных рэпрэсіяў. Па словах навукоўца, на дзяржаўным узроўні не было заўважанае сямідзесяцігоддзе пачатку самай моцнай хвалі сталінскіх рэпрэсіяў, дваццацігоддзе адкрыцця праўды пра Курапаты.
— Мала таго, пасля 2003 года прайшла “зачыстка” гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі, – кажа Ігар Кузняцоў. – З Інстытута гісторыі НАН звольнены вядомыя навукоўцы Стужынская, Сагановіч, Тарасаў, Кіштымаў, спіс можна працягваць. Палітолагі неяк больш выжылі, сацыёлагі пайшлі ў Вільнюс у эміграцыю, а гісторыкаў “дабіваюць” на нашай тэрыторыі.
Што да гістарычнае памяці, без якой увогуле не можа існаваць паўнавартаснае грамадства, то Ігар Кузняцоў прывёў прыклад мястэчка Трасцянец пад Мінскам, дзе ў 30-40-я гады былі расстраляныя каля 30 тысяч вязняў сталінскіх турмаў, а пад час Другой сусветнай вайны былі закатаваныя ўжо фашыстамі больш за 200 тысяч чалавек, сярод іх – велізарная колькасць габрэяў, у тым ліку і прывезеных з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх краінаў.
— На мерапрыемствах, звязаных з 65-годдзем знішчэння Мінскага гета, прэзідэнт Беларусі сапраўды павярнуўся тварам да Халакоста – да праблемы, якая доўга замоўчвалася ў Беларусі, і тады было сказана, што найбліжэйшым часам у Трасцянцы будзе створаны мемарыял еўрапейскага ўзроўню ахвярам нацызму. Пра ахвяраў сталінізму – ні слова. Хаця пераважная бальшыня знішчаных у Трасцянцы – гэта адзін народ, а яго штучна спрабуюць падзяліць, што далёка не спрыяе кансалідацыі, — падкрэслівае Ігар Кузняцоў.Тэкст цалкам
Генадзь КОСАРАЎ