26 верасня доктар гісторыі Юры Гардзееў падчас прэзентацыі сваёй кнігі “Тапанімія старажытнай Гародні (XII—XVIII стст.)” расказаў пра гісторыю вуліц і раёнаў горада. З яго вуснаў можна было пачуць, што спрэчка пра Гародню-Горадню мае даўнюю гісторыю. “У летапісах не ставілі націскаў, таму мы дакладна не даведаемся, як пісаць правільна”. Таксама чытачам будзе цікава даведацца пра паходжанне ракі Нёман і тое, як змянялася назва горада.
Пра кнігу расказвае аўтар, ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта: “У кнізе асвятляецца праблематыка гістарычнай анамастыкі Горадні. Фактычна гэта не толькі гісторыя назваў вуліц і плошчаў, але і гісторыя таго, якім чынам фармаваліся назвы гарадскіх участкаў, будынкаў”.
Гарадзенскія гісторыкі спрачаліся і задавалі пытанні. А простыя гарадзенцы нават спрабавалі правакаваць аўтара. Прафесар Гардзееў лічыць, што кніга апроч гісторыкаў будзе цікавая культуролагам і мовазнаўцам, а таксама простаму чытачу. На прэзентацыю прыйшло каля 50 чалавек.
Кніга пабачыла свет дзякуючы выдавецкай ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі