Яго ведаюць ад Разані да Беластока па круглых акулярах, капелюшы і сакваяжы ў стылі рэтра. Кожны тыдзень на працягу ўжо васьмі гадоў перадача «Новыя падарожжы дылетанта», партнёрам паказу якой з ліпеня 2009 года з’яўляецца грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», выклікае жаданне ўзяць заплечнік і адправіцца пешшу вандраваць па Беларусі.
Аўтар і вядучы праграмы Юры Жыгамонт распавёў нам пра свае падарожжы, сустрэчы з вядзьмаркамі і асабістае жыццё.
Эх, дарогі, вечныя дарогі…
— Я — стопрацэнтны беларускі падарожнік, бо вандрую толькі ў межах Беларусі, аб чым ніколькі не шкадую, — дзеліцца сваімі думкамі акцёр і тэлевядучы. — За час існавання «Падарожжа дылетанта» мы знялі больш за дзвесце перадач, і ні разу яшчэ нам не прыходзілася ламаць галаву над пытаннем «Што б такога цікавага знайсці, каб здзівіць гледачоў?», бо аб гэтым паклапаціліся нашы продкі.
Яны будавалі замкі, прывозілі з далёкіх краін экзатычныя расліны для сваіх паркаў, збіралі творы мастацтваў.
Маленькае мястэчка Лявонпаль мела раней дзякуючы панам Лапацінскім чатыры працы Рубенса, досыць прагрэсіўныя для таго часу хімічную і фізічную лабараторыі.
А ў каго з мясцовых жыхароў не спытаеш — яны нават і не здагадваюцца пра сваё слаўнае мінулае. Нейкая суцэльная абыякавасць і правінцыйнасць душ…
Беларусь — краіна могілак
— Такую колькасць могілак, як у Беларусі, складана знайсці ў іншай краіне свету, — адзначае Жыгамонт. — Гэта цяжкая спадчына шматлікіх войн, што адбываліся на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны. Я часта бачыў, як у адным месцы побач былі пахаваны нямецкія і рускія салдаты Першай сусветнай: беларуская зямелька аб’яднала іх у вечным спакоі.
А колькі ў нас габрэйскіх, татарскіх, лютэранскіх могілак! Шкада, што большасць з іх знаходзіцца ў дрэнным стане.
Калі вы ідзяце каля могілак, каму б яны ні належалі, спыніцеся на хвіліну і аддайце пашану тым, хто тут ляжыць. Тэкст цалкам.
Дарэчы, у хуткім часе Юры Жыгамонт разам з Таварыствам аховы помнікаў наведаецца на Лоеўшчыну, Мазыршчыну, Ваўкавышчыну і ў Вялікую Бераставіцу.
На фота: Юры Жыгамонт у Наваполацку падчас сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі”
Фота makasin.info