Жыхар Ашмяншчыны Васіль Юрша, што ўжо каля дзесяці гадоў жыве ў Мінску, напісаў кнігу пра шляхецкія роды, што жылі стагоддзямі ў Ашмянскім краі.
Больш за дзесяць гадоў таму Васіль страціў бацьку і сам перанёс цяжкую аперацыю. Перажыць усё гэта дапамагло захапленне гісторыяй. Мужчына высветліў, што вёска Юршаны, дзе ён нарадзіўся і вырас, была названая па прозвішчы яго продка Яна-Сымона Скірмонта-Юршы, які жыў у сямнаццатым стагоддзі. Цяпер у роднай вёсцы Васіля засталіся два дамы. Аднавіць радавод да дзясятага калена, кажа Васіль, можна дзякуючы царкоўным метрыкам і шматлікім юрыдычным даведкам.
А цяпер выйшла ў свет выданне пад назваю “Ашмянскі край: Шляхецкія роды на Ашмяншчыне”.
Пра сваю кнігу аўтар кажа наступнае:
— Тут прадстаўлены спіс шляхты Ашмянскага павета ў старых яго межах. А пад ашмянскай шляхтай я маю на ўвазе шляхту, што жыла на тэрыторыі Ашмяншчыны да рэформы 1566 года, затым з 1566 да 1795 года, і на тэрыторыі Ашмянскага ўезда з 1795 года, а таксама прадстаўнікоў шляхецкіх родаў, што жылі тут да 1920 года. У першым томе прадстаўлены спіс шляхты з указаннем месаў іх пражывання і даты іх першых згадак у дакументах.
— Колькі прыкладна шляхецкіх родаў было на Ашмяншчыне ў той час?
— У кнізе згадваецца каля тысячы прозвішчаў. Многія прадстаўнікі віленскай ці лідскай шляхты мігравалі: куплялі землі, фальваркі на ашмянскай зямлі. Таму я іх лічу ашмянскімі: яны валодалі зямлёй на Ашмяншчыне, звярталіся ў земскі суд.
— А ці вядомыя лёсы гэтых людзей?
— У многіх родаў быў вельмі цяжкі лёс. Частка з іх была рэпрэсаваная ў перадваенныя гады ці у першыя гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Многія з’ехалі ў Англію, Польшчу, Канаду, ЗША. А частка родаў не атрымала пацверджання ў дваранстве ў 1795—1830 гг. Вельмі вялікая колькасць шляхты была аднесеная да “аднадворцаў”. Пасля паўстання 1863 года іх перавялі ў сяляне, і гістарычная памяць страцілася. Згадваць пра сваё шляхецтва было небяспечна. Многія проста забыліся і не ведаюць сваёй гісторыі. На вялікі жаль, большасць нашых людзей далей за дзядулю і бабулю не могуць нічога расказаць.
Пакуль выйшаў толькі сігнальны асобнік, і аўтар шукае грошы на выданне кнігі.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі