Чамусьці літаратары, гаворачы пра нашых песняроў, найперш узгадваюць Купалу, а потым ужо Коласа. Мне бліжэйшы і мілейшы Якуб Колас з яго алегарычнымі апавяданнямі “Казкі жыцця”, з якіх пачалося маё ўсвядомленае дзяцінства. Сядзела на бабульчынай печы і разглядала старонкі, набраныя дробным шрыфтам, тады я не ўмела чытаць, і трошкі нашкодзіла: размалявала зборнік “Казкі жыцця” алоўкамі.
Цяпер бяру ў рукі кніжку, якую памятаю з маленства, і сорамна становіцца перад любімым пісьменнікам за тое, што абразіла яго творы. А потым разважаю над тым, што было б, калі я наогул не ўзяла ў рукі кніжку. Не магла б так прыгожа маляваць, не магла б добра чытаць па-беларуску, не магла б пісаць па-беларуску.
Першая кніга, якую прачытала яшчэ ў пачатковых класах, быў зборнічак апавяданняў і вершаў таго ж Якуба Коласа, твораў якога, чамусьці, у бабулі было зашмат. Гэтая кніжачка, якую чыталі мае маці і дзядзька, займае сваё пачэснае месца на палічцы побач з іншымі дарагімі мне выданнямі. Так і атрымалася, што любоў да беларускай мовы і літаратуры пачалася яшчэ з маленства. І не дзіўна, бо само маё жыццё пачалося з вёскі, з бабулінай цаглянай хаты, у якой заўсёды холадна, нават летам. Таму ва ўспамінах з’ўляюцца я і печ, на якой часта спала, скруціўшыўся ў клубочак, як кот Васька, які ляжаў пад бокам і мурлыкаў калыханку. Я тузала яго ў бок, каб замаўчаў, даў паслухаць радыё, “Тэатр ля мікрафона”, там чыталі па-беларуску, а кот яшчэ грамчэй заводзіў сваю песню. Часам Васька крыўдзіўся на мяне, паварочваўся спінай і замаўкаў. Я ж слухала радыё-спектаклі, класічную музыку, віншаванні, і не любіла гімн, як толькі набліжалася поўнач, выключала радыё — і спаць.
Усё дзяцінства я размаўляла па- вясковаму, пакуль у школе не пачалі вучыць правільна гаварыць па-руску, а я не ўспрымала гэтую мову. Навошта, думала я, калі мне падабаецца пісаць, чытаць і размаўляць на той мове, якой карыстаўся Колас. Нават зараз, падчас вучобы ў ВНУ, я не люблю рускую мову, бо не мая яна, чужая, мова тых беларусаў, якія не ведаюць, што яны беларусы. І не атрымоўваецца вымаўляць звонкі гук “г”, як патрабуе гэтага руская фанетыка, і не ўмею пісаць без памылак, абавязкова замест “т” напішу беларускае “ц”. Нават калі зусім “вымруць” беларускамоўныя класы ў школах, усё роўна знойдуцца дзеці, якія будуць неабыякавыя да роднага слова, якое закладзена ў іх галовы яшчэ з маленства, з самага пачатку.
Для мяне найкаштоўнейшая здольнасць, гэта тое, што ў грамадстве рускіх беларусаў я не развучылася думаць па-беларуску, як было гэта ў маленстве. І гэтую здольнасць ў мяне ніхто не зможа адабраць. Пэўна, Беларусь, краіна ў якой я нарадзілася і вырасла, і я, зрасліся ў адзінае цэлае, таму што бываюць моманты, калі хочацца кудысьці, але дакладнага месца вызначыць не магу, кліча некуды душа, запрашае ў падарожжа па мясцінах, у якіх не была, але пра якія часта думала, расказваючы пра свае летуценныя думкі зорнаму вясковаму небу.
І гэтым летам, нарэшце, я паехала без мапы, без планаў і вялікіх грошай на Гродзеншчыну, дзе змагла ўсвядоміць, што гісторыя краіны яшчэ жывая, і яе павінны памятаць. Адчула, што зямля дыхае, што яна жывая, як і чалавек, а старыя вежы замкаў умеюць размаўляць. Гісторыя…Яна ж дыхае! Марына Я.