З 23 жніўня па 9 верасня ў Мінску пройдзе выстава “Астравец культуры”, на якой мастакі, эколагі, архітэктары прадставяць сваё бачанне далейшага лёсу недабудаванай беларускай АЭС у Астраўцы. Адкрыццё выставы адбудзецца 23 жніўня (серада) у 19.00 у Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр. Незалежнасці 37А).
Палоска сіняга неба, палоска залатога поля – дарога ў Астравец. Яна перарываецца грацыёзнымі выгібамі градзірняў АЭС, якія падпарадкоўваюць погляд гледача – прыцягваюць і палохаюць. Надзеленая трывожнымі сэнсамі і нябачнымі небяспекамі станцыя разам з радыяцыяй спараджае страх і першабытнае захапленне.
У гэтым годзе мастакі, архітэктары і эколагі вырашылі прысвоіць яе цела і стварыць магчымасць іншай будучыні. “Астравец культуры” – гэта станцыя навукі, мастацтва і экалогіі, якая адкрылася на месцы недабудаванай АЭС. Новыя сэнсы ўваходзяць у прасторы рэактараў, бетонных труб і басейнаў. Адзін рэактар ператвараецца ў музей сучаснага мастацтва, іншы – ў планетарый і цэнтр навукі, у сакральных трубах градзірняў жыве драйв рэйву і гармонія класічнай музыкі, энергія сонца, ветру і чалавечага руху ідзе па правадах. Цэнтр устойлівага жыцця прапануе людзям магчымасць стварэння арганічных ферм, а дамы паблізу станцыі становяцца элітным экалагічным жыллём. Чыгуначны шлях Мінск-Астравец-Вільнюс даставіць вас за гадзіну з двух сталіц у новы цэнтр культурнага жыцця. Актывісты стварылі праект альтэрнатывы, у які вераць і хочуць паказаць – іншая будучыня магчыма.
Арганізатары: грамадскае аб’яднанне “Экадом”, Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, экалагічная ўстанова “Агра-Эка-Культура”. Выстава завершыцца 9 верасня традыцыйным агра-культурным фэстам.
Мастакі і актывісты, якія ўдзельнічаюць у выставе і ствараюць “іншую будучыню”: Bazinato, Ганна Воўк (BY/CZ), Анастасія Дарафеева, Алег Іўчанка (RU), Вераніка Івашкевіч, Настасся Казленок, Валянціна Кісялёва, Уладзімір Кунц (BY/RU), Сафія Садоўская , Лана Семенас, Ірына Сухій, Max Tref (BY/CZ), Вікторыя Харытонава, Ганна Чыстасердава, Сяргей Шабохін, Міла Шыдлоўская, Марта Шчарбакова.
Адкрыццё выставы: 23.08 у 19.00, Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” (пр.Незалежнасці 37А), уваход вольны.
Кошта квітка на ўваход на выставу – 2 р.
Кантакт для СМІ
Сафія Садоўская, +375 336510809