This movie requires Flash Player 9

Loading Events
Google
Аф__ша Цвятаева __ Пастэрнак
Літаратура
Літаратурны вечар Цвятаевай і Пастэрнака
Пачатак: 29.01 (18:00)
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
(Мінск, вул. Акадэмічная, 5)

29 студзеня а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца літаратурна-музычны вечар у межах праекта “Якуб Колас і паэты сярэбранага веку”.

Гэтым разам у музеі беларускага песняра будуць гучаць вершы “музы сярэбранага веку” Марыны Цвятаевай і “рыцара рускай паэзіі” Барыса Пастэрнака.

Лёс і біяграфію Марыны Цвятаевай абмяркоўваюць не менш, чым яе творчасць. Так ужо склалася, што Марына Іванаўна Цвятаева, пражыўшы ўсяго 48 гадоў, пакінула пасля сябе і шмат кніг, і шмат пытанняў. Але, напэўна, нельга не пагадзіцца з тым, што Марына Цвятаева – адзін з самых знакамітых рускіх паэтаў (слова «паэтка» яна лічыла салонным і не ўспрымала), вершы якога ведаюць у многіх краінах свету.

Цвятаеву і Беларусь аб’ядноўвае вялікая колькасць прыхільнікаў яе творчага генія, а таксама магіла яе адзінага сына – Георгія Эфрона, які быў цяжка паранены і загінуў у 1944 годзе ў адным з баёў пад Оршай.

Асабіста Якуб Колас не быў знаёмы ні з Марынай Цвятаевай, ні з Барысам Пастэрнакам, але шмат гадоў народны паэт Беларусі сябраваў з адным з заснавальнікаў пецярбургскага “Цэха паэтаў” Сяргеем Гарадзецкім, які, у свю чаргу, неаднаразова сустракаўся з Барысам Леанідавічам, а ў архіве паэта захоўваўся  грунтоўна зачытаны асобнік кнігі Б. Пастэрнака “Сестра моей жизни”, з дарчым подпісам аўтара Сяргею Мітрафанавічу. Выдатны майстар шаржа С.Гарадзецкі маляваў Якуба Коласа, А.Блока, Г.Ахматаву, В.Хлебнікава, А.Белага. Сярод таленавітых сяброўскіх шаржаў Гарадзецкага захаваўся і партрэт Б.Пастэрнака, намаляваны ў 1945 годзе.

Госці вечара даведаюцца пра гісторыю ўзаемаадносін Марыны Цвятаевай і Барыса Пастэрнака, пачуюць вершы ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову, а таксама песні на вершы Цвятаевай. Спецыяльна запрошаны госць вечара – вучоны сакратар Аляксандраўскага літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых (Уладзімірская вобласць, Расія) – Эльвіра Калашнікава распавядзе  пра плённы ў творчых адносінах перыяд жыцця Марыны Цвятаевай, аб прыездзе ў Аляксандраў Восіпа Мандэльштама і пра ўзаемаадносіны гэтых двух вялікіх паэтаў.

Вядучыя літаратурна-музычнай імпрэзы – акцёр і рэжысёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Алег Вінярскі і актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Алена Уладамірская-Пастрэвіч.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02



Апошнія навіны

Яндекс.Метрика