Акцыю “Ноч музеяў” чакаюць як музейшчыкі, так і наведвальнікі. Яна авеяна таямніцаю, незвычайнымі сустрэчамі, яскравымі ўражаннямі, нечаканымі адкрыццямі. Спадзяемся, што з усім гэтым Вы сустрэнецеся, наведаўшы мерапрыемства “Ноч. Ліхтар. Траецкае. Музей”, якое распачнецца чароўнымі гукамі флейты а 18 гадзіне 20 мая 2017 года ў “Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры”.
Святло начнога ліхтара адкрые Вам “Залатую раніцу беларускага Адраджэння”, прыгажосць літаратурных краявідаў Беларусі, таямніцу экслібрысаў вядомых дзеячаў краіны, а таксама малавядомыя таленты Міхаіла Лермантава. У залах музея можна будзе пачуць чароўны голас Таццяны Грыневіч, адчуць сябе ўдзельнікам балю ХІХ стагоддзя разам
з “La Camargo” і вярнуцца ў ХХІ стагоддзе разам з гуртом “Скрыжалі”. Акрамя таго ў Вас будзе магчымасць пагуляць у беларускія настольныя гульні і пабываць на прэзентацыі новага віду гульні ў шахматы “ЛітШах”, а таксама згуляць партыю па-крапівінску. На працягу ўсёй Ночы Вы зможаце адчуць сябе сапраўдным шукальнікам скарбаў Францішка Скарыны ў квэсце “500”.
Падрабязна азнаёміцца з праграмай можнае на сайце музея bellitmuseum.by і ў суполках у сацыяльных сетках.