Жывая прэзэнтацыя музычнага праекту «Re:Песьняры» пройдзе ў клюбе Re:Public 12 верасьня. З гэтай нагоды да цяперашняй красы і сілы беларускага року далучыцца беларускі дзяржаўны ансамбаль «Песьняры»!
Задума праекту «Re:Песьняры» ў тым, каб паказаць наколькі паўплывала музыка «Песьняроў» на новае пакаленьне беларускіх музыкантаў. Таму ў ім бяруць удзел прадстаўнікі самых розных стыляў, ад джазу і авангарду да рэп-музыкі і індзі-року. У асноўным гэта гурты, якія пачалі працу ўжо ў новым стагодзьдзі. Падбор менавіта гэтых выканаўцаў невыпадковы – кожны зь іх зьяўляецца ня толькі вартым увагі і арыгінальным музыкам, але яшчэ і цікавай ды яскравай асобай, прадстаўнікамі культурнай эліты краіны. Яны ня толькі музыканты, але разам з тым акторы, мастакі, паэты, пэдагогі, дасьледчыкі…
Кожны зь іх абраў тую самую песьню, якую лічыць найбольш важнай для сябе. Такім чынам, Akute пяюць «Алесю», Pomidor/off – «Скрыпяць мае лапці», Зьміцер Вайцюшкевіч – «Вераніку», а найлепшы кавэр-бэнд краіны Detroit – «Чырвону ружу»…
Трэк-ліст праекту «Re:Песьняры» выглядае наступным чынам:
Re1ikt – Жураўлі на Палесьсе ляцяць
Akute – Алеся
Akana – Каляда
Pomidor/off – Скрыпяць мае лапці
Tonqixod – Гусьляр (фрагмэнт)
BosaeSonca – Ты мне вясною прысьнілася
Cяргей Пукст – Александрына
Зьміцер Вайцюшкевіч – Вераніка
Detroit – Чырвона ружа
Dzieciuki і Пятро Клюеў – А хто там ідзе
Палац – Завушніцы
Хор «Унія» – Пагоня
P.S. SP Kava&Angst – Думалі