Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь рэалізуе выставачны праект «Айвазоўскі і марыністы», прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння знакамітага пейзажыста.
Як заўважыў Айвазоўскі, «…паэзію прыроды заўсёды адчуваў, адчуваю і стараюся перадаць маім пэндзлем. Чароўнасць паўднёвай ночы, неба, паўднёвага захаду, жах, які наганялі на душу бура ці ураган, – вось тыя пачуцці, якія натхняюць мяне, калі я пішу».
Адзначаючы ў Айвазоўскага рамантычны пачатак, мы нярэдка забываемся пра тое, што самы актыўны і працяглы перыяд яго творчасці прыпаў на другую палову XIX стагоддзя. А ў гэты час знатакі прыгожага нярэдка аддавалі перавагу не яго карцінам, а творам жывапісцаў, што імкнуліся да больш пэўнага адлюстравання прыроды. Так, у Аляксея Багалюбава можна адзначыць эмацыянальную стрыманасць і строгасць кампазіцыі («Парад рускага флоту», 1888), а таксама імпрэсіяністычнасць («Пажар у Кранштаце», 1875). Вастрыня, непасрэднасць успрымання адрозніваюць «Амстэрдам» (1885) Валянціна Сярова. У творах Мікалая Дубаўскога, з аднаго боку, адчуваецца лёгкасць («Бераг мора. Параход. Эцюд», 1900; «Марскі пейзаж», 1910-я), з другога – напружанасць («Мора», 1914). І ў тым, і ў іншым выпадку эфект дасягаецца дзякуючы працы колеру.
Леў Лагорыа, з’яўляючыся вучнем Айвазоўскага, не стаў прадаўжальнікам рамантычнай, выключна акадэмічнай традыцыі ў мастацтве. Як і шэраг яго сучаснікаў, ён імкнуўся да большай прастаты прасторавай пабудовы і спакойнай каларыстычнай гамы («На марскім беразе», 1871; «Бераг мора»). Другі вучань Айвазоўскага – Габрыель Касэсі – быў бліжэй да акадэмічнай традыцыі («Маяк», канец 1870 – пачатак 1880-х), надаючы ўвагу эфектам асвятлення і тэхніцы пісьма. Да акадэмізму імкнуўся Павел Тызенгаўзен («Бура», 1876) – марыніст з больш экспрэсіўнай манерай і дынамічнай кампазіцыяй.
І ўсё ж праз некаторы час самым буйным рускім марыністам застаўся менавіта Іван Айвазоўскі, які аднойчы падкрэсліў: «Мора – гэта маё жыццё».
Шматлікія палотны вядомага марыніста складаюць энцыклапедыю, дзе пра мора, пра разнастайнасць яго станаў сказана практычна ўсё. Мора ў Айвазоўскага то спакойнае («Туманная раніца», 1853; «Марына», 1858; «Раніца на моры», 1883), то зачаравальнае, таямнічае («Месячная ноч у Амальфі», 1845; «Ноч на востраве Родас», 1850), то грознае, бушуючае («Бура», 1852 і адрэстаўрыраваная спецыяльна да выставы «Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года», 1887). Кожны з гэтых станаў перададзены віртуозна, паэтычна. «Сюжэт карціны складаецца ў мяне ў памяці, як сюжэт верша ў паэта; зрабіўшы накід на кавалку паперы, я прыступаю да працы і да тых часоў не адыходжу ад палатна, пакуль не выкажуся на ім маім пэндзлем ». Творы Івана Айвазоўскага – гэта моцныя пачуцці і яркія перажыванні.
Выстаўка працуе да 31 жніўня 2017 г.