Грамадская ініцыятыва «За Новыя Смалявічы» сабрала сваіх сяброў, каб зладзіць экскурсію па гістарычных месцах свайго роднага краю. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, што было на выходных, падарожжа атрымалася яркім і лёгкім.
Сябры наведалі ваколіцы Смалявіч, а таксама вёскі Пекалін, Верхмень, Шыпяны, Алесіна.
Экскурсія пачалася з наведвання Жыдоўскай гары – месца памяці ахвярам фашызму. Тут у 1941 годзе было расстраляна каля 3000 габрэяў. У 2006 годзе англійскія мецэнаты Даяна і Марк Лазору ўсталявалі тут помнік.
Затым мы наведалі землі сям’і беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі. Экскурсавод распавяла гісторыі аб славутых членах гэтай сям’і: дзядзьках кампазітара Дамініка і Казіміра, а таксама пра жыццё бацькі і маці Манюшка. Менавіта ў мястэчку Радкоўшчына Станіслаў напісаў свае першыя дзіцячыя творы, тут ён атрымоўваў урокі вакалу і музыкі ад маці, перачытваў бібліятэку дзядзькі. Нажаль, зараз мястэчка Радкоўшчына не захавалася, у часы вайны яно было моцна разбурана, і людзі больш туды не вярнуліся. З часоў жыцця Манюшкаў захаваліся 2 камяні, якія зрабіў бацька кампазітара: камень для таго, каб ушанаваць памяць пра справу свайго брата Дамініка, які пабудаваў тут 2 школы і лабараторыю для сялян, а таксама у памяць маці Станіслава Манюшкі, якая рана пакінула сям’ю. Гэтыя камяні зараз змешчаны ў в. Алесіна.
Наступная кропка падарожжа сталася вёска Верхмень – месца, дзе напрыканцы 19 стагоддзя працаваў Якуб Колас. Працаваў ён тут недоўга – 8 месяцаў. У гэты час пісьменнік распачаў сваю трылогію «На ростанях». Галоўны герой твора настаўнік Лабановіч працаваў у вёсцы Верхань. Зараз Верменьская школа перанесена у вёску Алесіна, і там працуе музэй Якуб Коласа. Шмат, хто з настаўнікаў, займаюцца даследваннем і параўноўваннем малюнкаў трылогіі з рэчаіснасцю нашага краю.
Напрыканцы нашага падарожжа мы наведалі былыя землі сям’і мастака Ваньковіча, а менавіта, парк у вёсцы Шыпяны і азёры ў вёсцы Алесіна. У парку захавалася брама 19 стагоддзя, а таксама мы пабачылі стары 200-гадовы дуб. Месцы былых земляў Ваньковічаў у непрыкметным стане, а маглі б стаць добрымі турыстычнымі кропкамі.
Падрабязней пра месцы, што мы наведалі, а таксама фотаздымкі падарожжа на старонцы партала г. Смалявічы
Калі хто жадае здзейсніць падобнае падарожжа па Смалявіччыне, калі ласка звяртайцеся да грамадскай ініцыятывы «За Новыя Смалявічы» праз сайт www.Smaliavichy.by ці емейл [email protected]