Сярод каштоўнасцей, што былі вывезены з Беларусі цягам мінулых стагоддзяў, вельмі шмат унікальных рукапісных і друкаваных кніг. Адзін з такіх скарбаў — Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя, скрадзенае пасля захопу Полацка Іванам Жахлівым у ходзе Лівонскай вайны ў 1563 годзе.
Інфармацыі аб тым, дзе працяглы час знаходзілася кніга, вельмі мала. Вядома толькі, што ў XIX ст. асноўная частка фаліянта захоўвалася ў гісторыка М.Пагодзіна, а два аркушы— у збіральніка даўніны В.Ундольскага. У 1852 г., разам з пагодзінскім зборам старадрукаваных кніг і рукапісаў, Полацкае Евангелле набыла Імператарская Публічная бібліятэка ў Пецярбургу. У сваю чаргу, два аркушы, якія належалі Ундольскаму, трапілі разам з іншымі каштоўнасцямі яго збору ў бібліятэку Румянцаўскага музея, а цяпер захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве. Тэкст цалкам.