Каля 70 магілёўцаў прысутнічалі на прэзентацыі кнігі сучаснага беластоцкага гісторыка, прафесара Алега Латышонка “Нацыянальнасць – Беларус”, якая адбылася 13 снежня ў Палацы культуры вобласці. Госцем сустрэчы стаў таксама рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў.
Ва ўступным слове старшыня Магілёўскай суполкі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Дзьячкоў адзначыў, што гэтай прэзентацыяй распачынаецца новы праект ТБМ “Урокі беларушчыны”, у межах якога адбудзецца шэраг сустрэч з беларускімі гісторыкамі, літаратарамі і грамадскімі дзеячамі.
Алег Латышонак. Фота mahilou.org
Доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, прадстаўляючы прысутным Алега Латышонка, адзначыў, што гэта самы вялікі па памерах (яго рост – 2 м 3 см) і азначэнні беларускі гісторык: “Спадар Латышонак не ўмее хлусіць у сваіх тэкстах. Той, хто хоча ведаць сапраўдную гісторыю Беларусі, мусіць прачытаць яго кнігі”.
Выступае Ігар Марзалюк. Фота mahilou.org
Спачатку спадар Латышонак распавёў пра тое, што назва “Белая Русь” (Alba Russia) – бясспрэчна заходнееўрапейскага паходжання. І першапачаткова зямлёй белых русінаў венгры назвалі Галіччыну. Паступова гэтая назва прасоўваецца на ўсход і пад канец 16 стагоддзя замацоўваецца за Полаччынай і Віцебшчынай.
Разам з тым нашы продкі не ведалі такой назвы. А Вялікае княства Літоўскае заўсёды было Літвой і Руссю (апошняя пазней стала Беларуссю).
Выступае Валер Булгакаў. Фота mahilou.org
Знаходзячыся ў Магілёве, Алег Латышонак не мог не згадаць пра ролю гэтага горада ў нашай гісторыі. Так, у 17 стагоддзі Магілёў быў адным з сямі найважнейшых гарадоў Рэчы Паспалітай, бо толькі сем яе гарадоў мелі шляхецкія правы. У ВКЛ гэтымі гарадамі былі толькі Вільня і Магілёў. На жаль, пасля спалення горада Пятром І у часы Паўночнай вайны Магілёў страціў былую веліч.
Алег Дзьячкоў дзякуе Алегу Латышонку. Фота mahilou.org
Вельмі цікавымі падаліся словы спадара Латышонка пра тое, што ажно да 19 стагоддзя беларусы не мелі сваёй гісторыі. Так, ужо з 16 стагоддзя няма гісторыі, пісанай з пункту гледжання Беларусі. Відаць, да знішчэння беларускай гісторыі спрычыніліся літоўцы, каб паказаць значнасць сваёй ролі ў ВКЛ. А таму існуе вялікая чорная дзірка між першымі рускімі князямі аж да 16-17 стагоддзя, калі пісаліся летапісы і хронікі. І толькі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пачалося стварэнне ўласна беларускай гісторыі, з’яўленне якой абумовіла змаганне паміж Расеяй і Польшчай за беларускія землі.
Удзельнікі сустрэчы. Фота mahilou.org
Тым не менш, ужо ў 19 стагоддзі існаваў асноўны корпус тэкстаў беларускай гісторыі, была створана яе асноўная канструкцыя, а на зломе 19-20 стагоддзяў ўзнікла і беларуская нацыя.
Вельмі цікава распавядаў Алег Латышонак і пра многія іншыя аспекты нашай гісторыі: Саламона Рысінскага – першага чалавека, які сам сябе назваў беларусам; Канстанціна Паклонскага – першага палітыка, які выступіў ад імя Белай Русі… Калі ж напрыканцы сустрэчы адзін з прысутных задаў пытанне наконт магчымай спалучальнасці гістарычнай канцэпцыі нашага выдатнейшага гісторыка Міколы Ермаловіча і Латышонка, спадар Алег адказаў адмоўна: “У Міколы Ермаловіча, якога я лічу найлепшым гісторыкам канца мінулага стагоддзя, была свая, нацыятворчая канцэпцыя. Я ж напісаў уласную гісторыю”.
Удзельнікі сустрэчы. Фота mahilou.org
Застаецца дадаць, што разам з кнігай “Нацыянальнасць – Беларус” чытачы маглі набыць шэраг іншых найцікавейшых кніг па беларускай гісторыі, а таксама новыя нумары беларускага інтэлектуальнага часопіса АRCHE.
Гл. таксама: