Сёння спаўняецца 80 гадоў старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, сябру Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” Івонцы Сурвілле.
Шчыра віншуем дарагую імянінніцу са святам! Зычым духоўнай і фізічнай моцы ва ўсіх справах, святла, аптымізму і пазітыўных зрухаў, а таксама заўсёднай падтрымкі сяброў і паплечнікаў!
Амаль 20 гадоў гэтая неверагодная жанчына ачольвае Раду БНР, але далёка не ўсе ведаюць пра яе няпросты і пакручасты лёс. Прапануем вашай ўвазе невялікі біяграфічны артыкул пра жыццёвы шлях Івонкі Сурвіллы.
Івонка Сурвілла нарадзілася 11 красавіка 1936 года ў Стоўбцах. Гісторыя яе сям’і тыповая для жыхароў тагачаснага беларускага памежжа: маці – каталічка, бацька – праваслаўны. Баранавічы, дзе жыла сям’я Івонкі, былі на польскім баку мяжы, а Негарэлае, дзе жылі дзед з бабай, – на савецкім. Калі ў 1939 годзе адбылося ўз’яднанне Беларусі, камуністычныя ўлады арыштавалі бацьку, збіраліся яго расстраляць. Пад канец вайны, калі нямецкія акупанты адступалі, а саветы вярталіся – вырашылі не выпрабоўваць лёс другі раз і з’ехаць.
Першай краінай, дзе атабарылася сям’я Івонкі, была Данія. Тут яны пражывуць тры гады. У горадзе Брэмерсвольд Івонка ўпершыню будзе прадстаўляць Беларусь перад замежнікамі. Пра гэты выпадак яна пасля напіша ў сваіх успамінах: “Шматнацыянальная грамада вырашыла наладзіць канцэрт народных танцаў і спеваў. Пратанцавала я там – сола! – “Лявоніху”, і так добра гэта ў мяне выйшла, што згадзілася прадэкламаваць яшчэ і верш “Слуцкія ткачыхі”. Вось толькі перад поўнай залай зніклі ў мяне з памяці “Ткачыхі” – і спатрэбілася дапамога таты, каб давесці да канца гэтае выступленне”.
Вырашыўшы быць бліжэй да Беларусі, бацькі Івонкі перабіраюцца ў Францыю, якая ўжо тады шукала новыя працоўныя рукі і прымала ўцекачоў. Сям’я селіцца ў гатэлі на выспе Ля Гранд Жат, месцы, дзе ў той час жылі бедныя эмігранты, у тым ліку і беларусы. Агулам беларускае жыццё ў паваенным Парыжы віравала – існавала некалькі беларускіх анклаваў, выходзілі часопісы і газеты, адбываліся культурныя і палітычныя імпрэзы. Тата зарабляў на жыццё тым, што ў невялікім атэлье рамантаваў маторы, ён заўсёды працаваў паводле спецыяльнасці, маці шыла дома. Да канца жыцця яны так і не прынялі французскага грамадзянства. Акрамя працы бацька быў актыўным сябрам беларускай дыяспары, спрычыніўся да выхаду эміграцыйнай газеты “За волю”.
Івонка атрымала вышэйшую адукацыю – скончыла гуманітарны факультэт у Сарбоне. На навуку і жыццё зарабляла працай у краме сувеніраў. Пра сваё знаёмства з будучым мужам Янкам Сурвіллам, якое адбылося на Сусветным з’ездзе беларускай эміграцыі ў Парыжы, яна згадвае:
“Я прышпільвала людзям беларускія сцяжкі, а яны мне за гэта клалі на талерку некалькі франкаў на аплату выдаткаў, звязаных з з’ездам. Кожны нахіляўся, я яму прышпільвала сцяжок, пасля чаго, усміхнуўшыся, ішоў знаёміцца з іншымі дэлегатамі.
А тут прыходзіць малады чалавек і кладзе мне за сцяжок штось каля месячнай зарплаты майго таты. Калі я гэта ўбачыла, пабегла за ім, каб сказаць, што ён, відаць, памыліўся, – бо ж ніхто іншы столькі на талерку ня клаў. А ён кажа: не, не памыліўся. Безумоўна, такой шчодрасці я не магла забыцца, і калі Янка праз год пераехаў з Меца, дзе ён тады працаваў, у Парыж, я на яго ўжо глядзела з асаблівым захапленнем”.
Пабраўшыся шлюбам у жніўні 1959 года, маладая сям’я выязджае ў Мадрыд, дзе Янка Сурвілла ўжо год вядзе перадачы на Іспанскім нацыянальным радыё для беларускіх эмігрантаў, а таксама слухачоў з БССР. Іспанцы забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі, усё астатняе аплачвае беларуская дыяспара. Невялікія перадачы выходзілі штодня з 1958 па 1965, усяго адбылося 2383 выхады ў эфір. “Гішпанцы лічылі, што ніхто так добра не ведае, што хочуць беларусы пачуць, як самі беларусы. Адзінае, чаго вымагалі штодзённа, гэта некалькі радкоў справаздачы пра нашу праграму дня”, – згадвае Івонка Сурвілла. У Мадрыдзе ў іх нарадзілася дзве дачкі – Ганя і Паўлінка.
У 1969 годзе сям’я Сурвіллаў выязджае з Іспаніі ў Канаду. Івонка ўладкоўваецца на працу перакладчыцай. Павольна наладжваюцца кантакты з іншымі беларускімі эмігрантамі, якія ў асноўнай сваёй масе аселі ў Таронта. У 1975 годзе ў Атаўскім універсітэце праходзіць Беларускі тыдзень студыяў – першая імпрэза, арганізаваная Івонкай Сурвіллай у Канадзе.
У 1989 годзе Івонка Сурвілла разам з іншымі вядомымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары стварае Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Дзякуючы працы гэтай арганізацыі ўдалося не толькі сабраць грошы, адпраўленыя ў беларускія шпіталі, але і арганізаваць пражыванне беларускіх дзетак, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, у канадскіх сем’ях. Многія з іх і цяпер згадваюць свае паездкі “за акіян” з вялікай удзячнасцю. Падводзячы вынікі працы фонду, Івонка Сурвілла адзначае: “Не памылюся, калі скажу, што дзякуючы нашаму фонду ў Беларусь выслана дапамогі на мільёны даляраў, не ўлічваючы тых трох самалётаў, поўных лекаў, якія міністэрства замежных справаў Канады паслала ў 1992 годзе ў Беларусь на нашу просьбу”.
У жніўні 1997 года на ХХІІ Сесіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла была абрана яе сёмым старшынёй, пераняўшы паўнамоцтвы ў Язэпа Сажыча. Да яго Радай кіравалі Янка Серада, Пётра Крычэўскі, Васіль Захарка, Мікола Абрамчык і Вінцук Жук-Грышкевіч. Гэтую пасаду Івонка Сурвілла займае і цяпер, адыгрываючы найважнейшую ролю ў жыцці беларускага замежжа.
У кнізе сваіх успамінаў “Дарога” Івонка Сурвіла прызнаецца, што заўжды сумавала па Беларусі: “Я заўсёды адчувала недахоп нечага істотнага, неабходнага. Толькі калі вярнулася ў Беларусь у 1992 годзе, пазнала тое бясконцае, стопрацэнтовае, амаль фізічнае, шчасце, якое толькі раз перажыла перад тым – гэта калі нарадзіла ў Мадрыдзе маю першую дачушку Ганю”.
Лявон Асіповіч
Фота: svaboda.mobi