Пра знаходку расказвае Ігар Марзалюк, доктар гістарычных навук, загадчык кафедрай археалогіі МГУ імя Куляшова:
Перад намі сапраўды ўнікальная знаходка — манета-срэбранік князя Уладзіміра. Датуецца яна 989 годам. У гэтым годзе былі адбітыя дзве падобныя манеты — срэбранік і златнік. Адбылося гэта ў сувязі з дзвюма важнейшымі падзеямі ў гісторыі тагачаснай дзяржавы: хрышчэннем Кіеўскай Русі і жаніцьбай Уладзіміра Святаславіча на візантыйскай прынцэсе.
«Манета выкарыстоўвалася некалі ў якасці жаночага ўпрыгожвання»
На манеце з аднаго боку адбіты Ісус Хрыстос, з другога — князь Уладзімір, які трымае родавы знак, трызубец, і сядзіць на троне. Уверсе — невялічкая клёпачка ад падвескі. Справа ў тым, што гэта манета выкарыстоўвалася некалі ў якасці жаночага ўпрыгожвання. Чытэльнымі засталіся таксама і літары…
«Срэбраніка Уладзіміра ў такім добрым стане няма ні ў адным з беларускіх музеяў»
Срэбранік і златнік Уладзіміра — першыя ўсходнеславянскія манеты, а таму і самыя старажытныя. У музейных калекцыях свету іх не больш за 30 адзінак. На Беларусі — гэта ўжо другая знаходка. Першая зроблена ў 1874 годзе ў курганным могільніку каля Быхава. Праўда, там быў адкапаны толькі фрагмент — прыблізна 25% ад арыгінальнай манеты. А сёння, дзякуючы лёсу, мы атрымалі 80% манеты, што само па сабе — з’ява ўнікальная. Толькі крыху абадок абрэзаны… Падкрэслю — срэбраніка Уладзіміра ў такім добрым стане няма ні ў адным з беларускіх музеяў. Тэкст цалкам.