24 лістапада а 19 гадзіне на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца прэзентацыя ўжо стаўшай легендай у гістарычных колах “Кнігі Вялікага Княства Літоўскага”.
Гэта – манументальнае выданне накладам у 1000 асобнікаў, якое не будзе прадавацца, бо з’яўляецца падарункам выдаўцоў культурніцкім установам краіны. У ёй – вынік вялізарнае працы інтэлектуалаў Беларусі, Літвы і Польшчы, прысвечаны феномену даўгавечнай дзяржаўнай і культурнай супольнасці.
Ідэя стварэння Вялікай Кнігі належыць тром вядомым літвінам: Томасу Венцлаву, Чэславу Мілашу і Анджэю Струміле. Кніга Вялікага Княства выдадзена на чатырох мовах – ангельскай, беларускай, літоўскай, польскай і складзена з эсэяў выбітных публіцыстаў, гісторыкаў і навукоўцаў, кожны з якіх мае свой уласны погляд на гісторыю ВКЛ у кантэксце сённяшняга часу. Але менавіта гэтае і цікава, бо паказвае сучасны стан агульнай гісторыі розных народаў, сутыкае іх погляды, традыцыі і рэлігіі пад адзінай вокладкай. Думкаю аўтараў, шматэтнічнае Вялікае Княства Літоўскае, ўжо тады з’явілася прататыпам Еўрапейскага Саюза.
Канцэпцыя 552-старонкавага фаліянта, прысвечанага 1000-годдзю першай летапіснай узгадкі пра Літву ажыццёўлена славутым польскім мастаком Анджэем Струмілам пры дапамозе фонда “Памежжа” ў Сэйнах (Польшча).
З беларускага боку ў стварэнні кнігі шмат намаганняў прыклаў мастак Зміцер Герасімовіч, у супрацоўніцтве з якім майстру Струміле ўдалося аб’яднаць такі разнастайны матэрыял пад скуранай вокладкай са старажытнымі залатымі сімваламі. Выданне вылучае цудоўная графіка і аднародная стылістыка, яно багата ілюстравана старадаўнімі гравюрамі, картамі, абразамі, жывапіснымі палотнамі і ўнікальнымі фатаздымкамі.
Сярод беларускіх аўтараў – Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Алег Латышонак, Генадзь Сагановіч і Сакрат Яновіч.
У прэзентацыі пад рэжысурай Мікалая Пінігіна – мастацкае асэнсаванне ўрыўкаў з кнігі-легенды акторамі драматычнага тэатра, ўрачыстае ўручэнне яе прадстаўнікам беларускіх культурніцкіх установаў. Завяршае праграму выступ музычных гуртоў, сярод якіх “Гуды”, “Стары Ольса” і ансамбль сярэднявечнага танца “Фламмея” .
25 лістапада а 10 гадзіне ў Літоўскай Амбасадзе працягам мерапрыемства адбудзецца канферэнцыя гісторыкаў з трох краін пры непасрэдным удзеле Эгідыюса Александравічуса, Рустыса Камунтавічуса, Анджэя Пукшты – з літоўскага боку, прафесара Анджея Струмілы, Марыюша Савіцкага – з польскага, Ўладзімера Арлова, Сяргея Дубаўца, Валерыя Пазнякова, Адама Мальдзіса і іншых – з беларускага.
Арганізатарамі падзеі з’яўляюцца: Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Фонд “Памежжа”, Сэйны (Польшча), Польскі Iнстытут у Мінску, Зьміцер Герасімовіч (Беларусь).
Польскі Інстытут у Мінску: 200-95-81, 200-63-78,
Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі: 217-64-91
Таццяна Дземідовіч
кант. тэл.: 8-096-550199