Узор рамёстваў з глыбіні гісторыі, традыцыя аўтэнтычных паясоў і ручнога ткацтва ўвасобіліся ў кнізе В. І. Селівончык “Ткацтва на дошчачках”, прэзентацыя якой ладзілася ў актавай залі бібліятэкі імя Пушкіна 11 лістапада.
Кніга “Ткацтва на дошчачках” – практычны дапаможнік па стварэнні паясоў і іншых ткацкіх вырабаў. У кнізе змешчаныя ілюстрацыі, схемы, выявы і фотаздымкі аўтэнтычных беларускіх паясоў.
У аснову кнігі лёг рукапіс Веры Селівончык, які складаўся цягам даследаванняў і нарэшце ператварыўся ў кнігу.
Аўтарка кнігі Вера Селівончык:
– Гэты матэрыял ствараўся цягам жыцця, доўгі час ён ляжаў, і я ўжо страціла надзею, што ён будзе выдадзены ў гэтай кніжцы. У пачатку 80-х гадоў мы ладзілі экспедыцыю па Брэстчыне, дзе ўпершыню з’явілася думка аб тым, што пра паясы можна і трэба пісаць. Мы былі ўражаныя і не верылі сваім вачам, бо ў адной з вёсак паясы трапляліся на кожным кроку.
У старадаўнія часы пояс быў неабходным элементам вопраткі, а таксама меў сімвалічнае значэнне. У кожнай мясціне пояс быў вытрыманы ў стылёвым адзінстве з астатнімі элементамі строю. Сёння, у эпоху новых тэхналогіяў, праявы аўтэнтычных рамёстваў набываюць міфалагічны, сімвалічны характар культурніцкага адраджэння і пашаны да гістарычнай традыцыі.
Навуковы рэдактар кнігі Ірына Мазюк:
– Вера Іванаўна Селівончык выкладала ў нас у Акадэміі мастацтваў і навучыла мяне плесці гэтыя паясы. У дзяцінстве мне гэтага вельмі не хапала. Для мяне гэта была вялікая раскоша, якой я падзялілася з кім магла.
У мінулым традыцыя пляцення паясоў перадавалася ад аднаго пакалення другому. Сёння пераемнасць традыцыйных рамёстваў працягваецца ў ініцыятыве фалькларыстаў і этнографаў, у гістарычных майстэрнях.
У практычным дапаможніку “Ткацтва на дошчачках” змяшчаюцца парады па тэхніцы ткацтва і прыёмах утварэння ўзораў, матэрыялы па традыцыйным рамястве і сучасных мастацкіх пошуках майстроў. Кніга з’яўляецца падручнікам па аўтэнтычным ткацтве ў сучасным жыцці і распачынае серыю практычных дапаможнікаў па традыцыйных рамёствах “Майстроўня”, ініцыятарам якой з’яўляецца Студэнцкае этналагічнае таварыства.
Вядоўца імпрэзы-прэзентацыі, сябра Студэнцкага этналагічнага таварыства Юлія Літвінава:
– Студэнцкае таварыства ладзіць гурткі па навучанні ткацтву, але не хапае практычных дапаможнікаў, не хапае літаратуры, якая б магла вучыць традыцыйным рамёствам у сучасным жыцці.
У будучыні плануецца выхад кніг па вырабе гарсэтаў, скуранога абутку і мэблі.
Дзень народзінаў кнігі “Ткацтва на дошчачках” доўжыўся дзве гадзіны, амаль поўная заля наведвальнікаў мела магчымасць завесці знаёмствы з аўтарамі кнігі, сярод якіх прысутнічалі Вера Селівончык, Ірына Мазюк, Раіса Паўлавец ды інш.
Па заканчэнні афіцыйнай часткі імпрэзы можна было пачаставацца крупнікам і патанчыць пад дуду.
Прэзентацыя і выхад кнігі арганізаваныя пры дапамозе РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”.