У біяграфіі Сцяпана Некрашэвіча ёсць усё: гонар, слава, патаемнае і жах. Яна прымушае захапляцца, здзіўляцца, засмучацца, шкадаваць і пакутваць.
“БЕЛАЙ ПЛЯМАЙ” У ПАМЯЦІ
Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч – імя гэтага чалавека, выдатнага беларускага вучонага-мовазнаўцы, ураджэнца Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці сёння амаль невядома шырокаму колу грамадства. А, між іншым, дзякуючы гэтаму чалавеку Беларусь сёння мае сваю Нацыянальную Акадэмію навук. У любой краіне за такія вялікія заслугі Сцяпану Некрашэвічу даўно бы паставілі помнікі, адкрылі мемарыяльныя дошкі, назвалі вуліцы, стварылі музеі, напісалі кнігі, знялі фільмы і расказвалі аб ім усяму свету. У нашай краіне заслугі заснавальніка Акадэміі навук яшчэ не ацанілі: няма нічога, што б нагадвала аб вучоным. Ёсць толькі адзіны ў Беларусі партрэт Сцяпана Некрашэвіча, намяляваны мастаком Аляксеем Марачкіным, ды эскіз бюста, зробленага скульптарам Эдуардам Астаф’евым, якія захоўваюцца ў мясцовай карціннай галерэі “Традыцыя”. Няўжо ж мы і сапраўды тыя “Іваны, не памятаючыя сваяцтва”?
ШЛЯХЦІЧ З ВЁСКІ
У біяграфіі Сцяпана Некрашэвіча ёсць усё: гонар, слава, патаемнае і жах. Яна прымушае захапляцца, здзіўляцца, засмучацца, шкадаваць і пакутаваць. Я думаю, на прыкладзе жыццёвага шляху нашага земляка можна вывучаць гісторыю Беларусі пачатку ХХ стагоддзя.
Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч нарадзіўся 8 траўня 1883 г. ў вёсцы Данілаўка (сучасная Данілоўка) былога Бабруйскага павета Менскай губерні. Зараз вёска ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Сёння ва ўсіх крыніцах вы прачытаеце, што нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч у сям’і сялян. Аднак у 1995 г. менскі даследчык Эмануіл Іофе адшукаў звесткі аб тым, што родны брат бацькі Сцяпана Некрашэвіча – Рыгор Фёдаравіч Некрашэвіч – быў шляхцічам (гл.: Іофе Э.Першы старшыня Інбелкульту // Спадчына.1995. № 6. С. 55). Гэта значыць, што Сцяпан і яго бацька Міхаіл мелі таксама шляхецкае (дваранскае) паходжанне. Неверагоднае супадзенне: Некрашэвічы мелі родавы герб Любіч – той самы, які і шацілкаўскія Манкевічы. Усё жыццё Сцяпан Некрашэвіч дасканала хаваў ад Савецкай улады сваё шляхецкае паходжанне, а інакш бы не стаў выдатным вучоным-мовазнаўцам, заснавальнікам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Хоць ўсё адно не выратаваўся ад сталінскіх жорнаў.
ЧЫНОЎНІК ВАЙСКОВАГА ЧАСУ
Для свайго часу Сцяпан Некрашэвіч быў адукаваным чалавекам: скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1908) і Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). Цікава, што маючы вышэйшую адукацыю, у 1914 г., калі пачалася Першая сусветная вайна, ён быў прызваны ў расейскае войска ў якасці звычайнага шэраговага салдата. Трапіў Некрашэвіч на румынскі фронт, дзе ваяваў амаль 3 гады. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Некрашэвіча абралі сябрам армейскага камітэту 6-й арміі. Усё ж такі вышэйшая адукацыя зрабіла сваю справу. Пазней у аўтабіяграфіі сам напіша: “стаў чыноўнікам вайсковага часу”. З гэтага моманту можна адлічваць пачатак грамадскай і палітычнай дзейнасці нашага земляка. У гэты час Сцяпан Некрашэвіч – сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ). Галоўная мэта гэтай арганізацыі – стварэнне Аўтаномнай Беларускай Рэспублікі.
БЕЛАРУСКІЯ ШКОЛЫ Ў АДЭСЕ
У 1917 г. Сцяпан Некрашэвіч жыве ў Адэсе, дзе ладзіць беларускую вайсковую канферэнцыю, удзельнікамі якой становяцца салдаты-беларусы. Дзейнасць Сцяпана Некрашэвіча ў гэтым вельмі аддаленым ад Беларусі горадзе ўспрымаецца сёння проста фантастычна. Кастрычніцкія падзеі сустракаюць нашага земляка ў якасці стваральніка Беларускага нацыянальнага камісарыяту ў Адэсе. Пасля абвешчання ў 1918 г. ў Менску Беларускай Народнай Рэспублікі Сцяпан Некрашэвіч прадстаўляе інтарэсы гэтай першай пасля падзення расійскага самадзяржаўя незалежнай беларускай дзяржавы, якую, дарэчы, прызналі 11 еўрапейскіх краінаў. Ад імя БНР наш зямляк вядзе перамовы з французскім вайсковым камандаваннем.
У 1918 г. Сцяпан Некрашэвіч дамагаецца адкрыцця беларускай секцыі пры Адэскім губернскім аддзеле народнай асветы, паралельна вучыцца ў Вышэйшым міжнародным інстытуце. Паспеў праслухать толькі 2 курсы. Напачатку 1918 навучальнага года ў Адэсе, дзякуючы намаганням нашага земляка, было адчынена 30 пачатковых беларускіх школ і змешаная гімназія ў складзе першых чатырох класаў. Дзе ж Некрашэвіч у Адэсе знайшоў настаўніцкія кадры і літаратуру, каб навучаць дзяцей беларусаў на роднай мове?