Першыя дзесяць чалавек, якія правільна прайдуць сярэнявечнымі лабірынтамі нашай віктарыны, атрымаюць дармавы квіток на канцэрт гурта старадаўняй музыкі Testamentum Terrae, які адбудзецца 28 лістапада ў клубе “Рэактар” пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Свае адказы дасылайце на электронную пошту: [email protected] з пазнакай “Сярэднявечча-віктарына”.
1. Першапачаткова, готы – гэта…
а. Дэпрэсіўныя хлопцы ў чорным, якія яшчэ ў старадаўнія 80-ыя гады ХХ ст. пачалі граць змрочны рок.
б. Германскае племя, якое ў ІІ-ІХ жыла на абшарах Заходняй і Ўсходняй Еўропы.
в. Дойліды, якія будавалі гатычныя касцёлы.
2. Чаму ў Вялікім Княстве Літоўскім пэўны перыяд было фактычна дзве сталіцы, Вільня і Трокі?
а. Каб ушчэнт заблытаць захопнікаў.
б. Гэта было зроблена каб палепшыць кіраванне агромністай дзяржавай і дзеля эфектыўнага адпору ад знешніх ворагаў.
в. Бо вялікія князі Кейстут і Альгерд не здолелі падзяліць Мінск.
3. “Жалезная Дзева з Нюрнбергу” – гэта…
а. Жанна Д’Арк.
б. Брытанскі хэві-метал гурт, вядомы таксама як Iron Maiden.
в. Сярэднявечнае катавальнае прыстасаванне, зробленае ў форме жанчыны.
4. Які спартовы клуб назвалі ў гонар Грунвальдскай бітвы?
а. Літоўскі Žalgiris, бо старажытныя літоўцы бралі ў бітве актыўны ўдзел, а назва “Жальгірыс” якраз і азначае “Грунвальд”, або “Зялёны гай”.
б. Расійскі “Спартак”, бо гладыятар Спартак паспеў паўдзельнічаць у гэтай знакамітай бітве.
в. Польскі Grunwald.
5. Як па-беларуску будзе “валынка”?
а. Жалéйка.
б. Батлéйка.
в. Дудá.
*увага! У некаторых пытаннях ёсць больш за адзін правільны адказ.