Таямнічасць філаматаў і адраджэнне беларускай культуры, постаці волатаў літаратуры Адама Міцкевіча і Уладзіміра Караткевіча ўшанавалі ў песнях ды слове на вечарыне “Рыцары сумлення і свабоды” ў Літаратурным музеі 26 лістапада.
Уладзімір Караткевіч
Двух майстроў слова звязалі традыцыі адраджэння розных эпохаў. Адзін пісаў па-польску, іншы па-беларуску. Адам Міцкевіч быў адным з таямнічых філаматаў Віленскага універсітэта, які памёр 26 лістапада 1855 году. Праз гады на беларускай зямлі нарадзіўся Уладзімір Караткевіч, а датай нараджэння было 26 лістапада.
Адам Міцкевіч
Таемнае студэнцкае таварыства філаматаў лічыцца пачаткам беларускага адраджэння. У вольны ад клопатаў пра радзіму час філаматы бавіліся песнямі на ўласныя вершы.
Сёлетнім музыкам-выступоўцам давялося ўзнавіць песні філаматаў у сваёй творчасці.
Аляксей Жбанаў:
– Год таму музыказнаўца Святлана Немагай паведаміла, што знайшла ў Віленскім архіве нотны сшытак, які датуецца 1855 годам і дзе занатавана каля 20 песняў філаматаў і філарэтаў. Адсюль узнікла ідэя агучыць гэтыя песні. Зараз мы праспяваем некаклькі песняў, якія гучалі ў пачатку ХІХ стагоддзя ў Вільні.
Філаматы складалі невялікае кола сяброў, аб’яднаных агульнымі ідэямі. Дзяўчат не прымалі ў легендарнае таварыства, але некаторыя жаночыя постаці зрабілі вялікі ўплыў на творчасць рамантычных ды ўзнёслых юнакоў. Так, дзякуючы каханню Адама Міцкевіча ў гісторыю ўвайшло імя Марылі Верашчака.
У філаматаўскіх спевах Аляксею Жбанаву дапамагалі сябры-аднадумцы Зоя Міхальчук і Раман Абрамчук.
Раман Абрамчук:
– Наступнай песняй паноў сустракаў хор шляхецкіх дзяўчатак.
У шэрагі філаматаў уваходзілі Ян Чачот і Тамаш Зан, Адам Сузін і Ян Крыніцкі. Пасля выкрыцця таварыства царскім урадам большасць яго ўдзельнікаў атрымалі жорсткі прысуд. Хто быў высланы ў далёкія губерні Расіі, а хто ўвогуле апынуўся за кратамі.
Аўтар кнігі “Філаматы і філарэты”, перакладчык Кастусь Цвірка:
– Добра было б, каб філаматаў узгадвалі студэнты нашых універсітэтаў, каб была нейкая пераемнасць.
Цягам імпрэзы чыталіся ўрыўкі з лістоў да сяброў Міцкевіча ды гучалі песні на словы філаматаў Міцкевіча і Чачота. Неўзабаве рамантызм студэнцкіх згуртаванняў змяніўся другой хваляй адраджэння, а поруч з імем Адама Міцкевіча ў літаратуры з’явілася імя Уладзіміра Караткевіча. Дзвюх асобаў з розных стагоддзяў звязалі дата і любоў да слова.
Даследчык Язэп Янушкевіч:
– Калі адзін чалавек далёка ад радзімы памірае, а праз восемдзесят гадоў нараджаецца новы на нашай зямлі, значыць, зоркі над гэтай зямлёй не патухаюць.
У вечарыне ўдзельнічалі ды спявалі вершы на словы абодвух паэтаў Аляксей Жбанаў, Жэня Кавальчук, Раман Абрамчук ды Раман Яраш. Словы ў гонар двух рыцараў свабоды і сумлення казалі Язэп Янушкевіч, Арсень Ліс ды Кастусь Цвірка.
Песні філаматаў змяніліся песнямі на словы Караткевіча. Уладзімір Караткевіч ведаў аб супадзенні даты свайго нараджэння з днём смерці Адама Міцкевіча і нават прысвяціў яму верш у прозе, які носіць назву “Слова Міцкевічу”.
“Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты з’яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, у кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера”, – пісаў Уладзімір Караткевіч пра далёкага аднадумца і рыцара сумлення Адама Міцкевіча.