Учора, 29 красавіка, падчас прэзентацыі чацвертага нумару інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” адбылося абвяшчэнне кароткіх спісаў намінантаў на першую прэмію для перакладчыкаў, заснаваную сёлета “ПрайдзіСветам” і Беларускім ПЭН-цэнтрам.
Пяцёркі фіналістаў былі агалошаныя суддзямі прэміі па трох намінацыях: 1) “Проза”; 2) “Паэзія”; і 3) “Публікацыі ў часопісе “ПрайдзіСвет” і складаліся шляхам матэматычнага падсумавання балаў, якімі сябры журы надзялілі найбольш вартыя, на іх думку, творы. Да разгляду прымаліся творы, якія з’яўляліся ў друку цягам 2009 году.
Склад журы прэміі:
1) Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, выкладчык;
2) Зміцер Колас, перакладчык, выдавец;
3) Марыйка Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, літаратурны крытык;
4) Барыс Пятровіч, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”;
5) Сяргей Сматрычэнка, перакладчык;
6) Аляксандр Фядута, літаратуразнаўца;
7) Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру;
8) Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык.
Уганараванне пераможцы паводле канчатковай нарады журы пройдзе ў канцы траўня і будзе прымеркаванае да гадавіны часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.
Шорт-ліст намінантаў на прэмію часопіса “ПрайдзіСвет” (імёны пададзеныя ў алфавітным парадку)
Проза
Альгерд Бахарэвіч. Гаўф Вільгельм. Халоднае сэрца. Казка. Пераклад
зь нямецкай і пасьлямова Альгерда Бахарэвіча. – Мн.: Галіяфы, 2009. –
230 с. – (Другi фронт мастацтваў).
Вера Бурлак. Льюіс Кэрал. Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса
// ARCHE-10, 2009
Павал Касцюкевіч. Чалавек, які скраў сцяну плачу. 15 ізраільскіх апавяданняў (пераклад Паўла Касцюкевіча). Мiнск: Логвінаў, 2009.
Алена Пятровіч. Ян Бжэхва. Акадэмія доктара Клякса // “Сьвятая
праўда і іншыя казкі”. Конкурс маладых літаратараў імя Карласа
Шэрмана. Укладальнік і рэдактар А. Хадановіч. Мн.: Логвінаў, 2009
Васіль Сёмуха. Вітальд Гамбровіч. Ferdydurke (пераклад Васіля Сёмухі). Мiнск: Зм.Колас, 2009. Дзюрэнмат Фрыдрых. Юстыцыя. Пер. зь ням. В. Сёмуха. — Менск, 2009.
Паэзія
Лявон Баршчэўскі. Сафокл. Эдып-цар // Дзеяслоў-43, 2009.
Антон Францішак Брыль. Бэўвульф. Першыя раздзелы паэмы // Дзеяслоў-38, 2009.
Марына Казлоўская. Збігнеў Герберт. Вершы. // Герберт Збігнеў.
Рэканструкцыя паэта. Т.1. Мiнск: Логвінаў, 2009.
Якуб Лапатка. Калевала (выбраныя руны) // Дзеяслоў-40, 2009.
Макс Шчур. Эдвард Лір. Лімерыкі (анг.) (niamiesta.se), Алеш М. Шванца. Менскія аркушы ARCHE-6, 2009.
Публікацыі ў часопісе “ПрайдзіСвет”
Паліна Маслянкова. Мікола Куліш. Народны Малахій (п’еса)
Кацярына Маціеўская. Паэзія: Ф. Пэсоа, Алфрэд Эдвард Хаўсмэн
Васіль Сёмуха. Густаў Майрынк. Чалавек на бутлі; Георг Гайм. Злодзей.
Юля Цімафеева. Макс Бірбам. Энох Сомс; Мэцью Дзікман. Непрыемнасці. Вершы
Ганна Янкута. Чарлз Дыкенс. Калядны харал. Ч.1.; Паэзія: Ф. Пэсоа, Ян Якаб Слаўэрхоф, Алфрэд Эдвард Хаўсмэн