Андрэй Федарэнка — знакавае імя ў сучаснай беларускай літаратуры. Кожная з яго публікацый знаходзіць водгук у чытача. Пра тое, чым жыве пісьменнік, якія ў яго планы на найбліжэйшы час, і пойдзе наша размова…
— Андрэй, вы цяпер ці не адзін з найболей друкуемых пісьменнікаў… У “Мастацкай літаратуры” выйшаў том вашай прозы. У РВУ “ЛіМ” адна за другой — кнігі ў серыі “Пераходны ўзрост”: “Три талера” і “Афганская шкатулка”. Часопіс “Полымя” надрукаваў ваш новы раман… Як жывецца такому беларускаму пісьменніку? Ці адчуваеце зваротную сувязь з чытачом? У чым гэта выяўляецца — закідваюць лістамі, раяцца з вамі на тэму, як жыць..?
— Я так доўга — 15 гадоў — чакаў моманту, калі пачнуць нарэшце выдавацца мае кнігі, што цяпер успрымаю гэта як належнае і, на жаль, мала радуюся. На жаль, бо каму-каму, а мне на чытацкую ўвагу грэх скардзіцца. Лістамі ў іх класічным значэнні — аркушык паперы ў канверце — мяне, безумоўна, не закідваюць, але праз інтэрнэт прамая і зваротная сувязь з чытачамі існуе даволі актыўная. Было прыемна, калі мая кніга “Нічые” праз незалежнае інтэрнэт-галасаванне, у якім удзельнічала каля тысячы чалавек (ініцыятар — пісьменнік і выдавец Адам Глобус), заняла першае месца і я атрымаў прэмію “Залатая літара-2010”. Плюс многія мае творы ўведзены ў школьныя праграмы і ВНУ. Таму мне заўсёды лёгка выступаць перад школьнай, студэнцкай, выкладчыцкай аўдыторыямі. Большасць або чытала мяне, або хоць бы чула, што такі існуе. Наконт “як жыць” ніхто даўно ўжо з пісьменнікамі не раіцца, цяпер усе разумныя і ведаюць усё пра ўсё, ледзь навучыўшыся гаварыць. Тэкст цалкам.