Зараз у свеце назіраецца тэндэнцыя да адмовы ад вышэйшай адукацыі, усе наперабой прыводзяць у прыклады знакамітых людзей — ад Біла Гейца да Макса Каржа. Але мала хто задумваецца, што для такога ўчынку патрэбна высокая самаарганізацыя. У стваральніка фэйсбука няма вышэйшай адукацыі, так. Але гэта ні ў якім разе не памяншае яго ведаў, бо Марк Цукерберг паступіў у Гарвард і толькі там зразумеў, што далей хоча развівацца і фарміравацца самастойна.
У беларускім грамадстве наяўнасць «корачкі» яшчэ актуальная, і з большага гэта справядліва, таму што амаль усе школьнікі, якія крычаць пра непатрэбнасць вышэйшай адукацыі, на самой справе нават прымусіць сябе прачытаць параграф не могуць.
Зараз я ўнутры адукацыйнага ланцужка, спадзяюся, што ў перадпачатку свайго дзевяностагоддзя змагу сказаць тое ж самае.
Яна Мусвідас
і COSMOpoLITan-exPRESS
Размову я пачну са сцвярджэння, што няверуючых людзей не бывае. І жыццё наша мацуецца не толькі на ведах, але і на веры. Не згодны? Як мяркуеце, ці магу я ведаць, накіроўваючыся на маршрутцы ў Мінск, што дасягну месца назначэння? Хіба мала бывае аварый — і на трасе, і ў горадзе? Ну, дапускаючы ў тэорыі магчымасць ДТЗ, я ўсё ж упэўнены, што з аўтамабілем, які мяне вязе, гэтага не здарыцца, і гэта вера дазваляе мне сесці ў пасажырскі салон. І яшчэ — я давяраю кампетэнтнасці шафёра, хоць, можа быць, упершыню яго бачу. На чым грунтуецца гэта вера?
Айцец Агапій (Голуб)
Пра тое, чым адрозніваецца вера ў жыццё на Марсе ад веры, што “фізмат — гэта маё”?
Замежныя імёны і прозвішчы ўваходзяць у наш лексікон дзякуючы актыўнаму ўзгадванню тых ці іншых медыйных персанажаў, вядомых гістарычных і культурных асоб. Ды і ў сучасным беларускім анамастыконе заходнія і ўсходнія імёны па прычыне актыўных міграцыйных працэсаў – зусім не рэдкасць. Аднак часам адаптацыя імені на беларускую мову выклікае складанасці. Напрыклад, у прозвішчы Diaz узнікае ажно тры лінгвістычныя задачы: Ды ці Дзі, ыя ці ія, с ці з? Пытанняў дадае і адаптацыя замежных прозвішчаў праз рускую мову, у якой дзейнічаюць іншыя прынцыпы арфаграфіі і вымаўлення. Асабліва гэта праяўляецца ў прозвішчах з варыянтным напісаннем е/ э.
Лінгвісты пры перадачы замежных імён, прозвішчаў і ўласных назваў карыстаюцца мінімум васьмю метадамі (паводле кнігі Д.І. Ермаловіча“Методика межъязыковой передачи имен собственных”,Масква, 2009). Гэта прамы графічны перанос і метад эксплікацыі, калі напісанае “лацінкай” імя тлумачыцца катэгорыяй (фірма, марка і пад.)лінію адзення от-куцюр — ArmaniPrivе, дырэктар моднага домаNinaRicci. Пры перадачы замежнага імені на беларускую мову кірылічным алфавітам складанасці ўзнікаюць з-за ваганняў паміж трыма метадамі перадачы: транскрыпцыяй – адаптацыі замежнага вымаўлення (Turner – – Цёрнер), транслітарацыяй, або палітарнай перадачай (Douglas – Дуглас, а не Даглас ад ), практычнай транскрыпцый, калі перадаеца гучанне, але напісанне карэктуецца, напрыклад, для мілагучнасці (Hermione –рус. Гермиона, бел. Герміёна, а не Хермайні). У адаптацыі імені Герміёнадзейнічае і наступны прынцып – марфаграматычнай мадыфікацыі, паводле якога імёны засвойваюцца і граматычна, у прыватнасці, да жаночых імён дадаеца канчатак -а (-я). Праўда, імкнучыся да дакладнай перадачы гучання імені варта памятаць пра традыцыйне напісанне, з якім гэтае або падобнае імя ўвайшло ў гісторыю: Айседора Дункан ад Isadora Dunkan.
Кацярына Шчасная
аб перадачы на беларускую мову замежных імён і прозвішчаў
Літаратурны тэкст у тэатры, альбо драма, у апошнія паўстагоддзя адчувае сапраўдны крызіс. Антычны Арыстоцель заклаў класічныя каноны, дзе час цячэ лінейна, абавязкова прысутнічае сюжэт. Усё пабудавана на межасабовых адносінах герояў, іх дыялогах і маналогах. І раптам у постмадэрнісцкую эпоху ўсё распалася. Авангард расхістаў усе былыя сэнсы, матывіроўкі, логіку паводзін, разам з гэтым і ўспрыманне часу, які зараз можа пераносіцца з «сёння» ва «учора», «заўтра», у нерэальнасць сну.
Як усё гэта ўспрымае глядач? Спачатку – рэзка негатыўна, насцярожана, потым – са здзіўленнем і жаданнем зразумець, нарэшце – з яўным адабрэннем. Усе новыя формы заўсёды праходзяць праз гэтыя стадыі. Дарэчы, ломка звыклых уяўленняў закранула іншыя віды мастацтва. Тэатр крыху адстаў, але быў вымушаны навёрстваць страчанае, асвойваючы за кароткі час тое, на што іншыя трацілі дзесяцігоддзі.
Характэрны прыклад. У Беларусь авангардысцкая драма дайшла недзе ў канцы 1980-х —1990-х. Яна была экзатычнай птушкай, якую трымалі ў клетцы і баяліся выпусціць на волю
Таццяна Арлова
Беларуская драматургія новага часу
Стах Лысы
Твае слёзы ў маіх вачах
A.M.J.
Твае слёзы ў маіх вачах –
не капрыз, не блазнота.
Пяць, чатыры, тры, дзве, адна –
як капеж адзіноты.
Дзьме – не бачна нябеснага дна.
Мне праз слёзы прасцей сцяміць, хто ты.
Сі, ля, соль, фа-бемоль і фа –
тваёй горычы ноты
без лінеек і без ключа.
Твае слёзы ў маіх вачах –
мокры снег на шчацэ,
пэрлы шэра-ружовых адценняў.
Лістапад, снежань, студзень –
асеннія.
Дзень – усмешкі прывід,
золак, захад – што цені:
ні кроплі крыві.
І як дрэвы наўкола, так думкі твае –
без адзення
зранку, ўдзень, па начах…
Твае слёзы ў маіх вачах –
крык душы скрозь маўчанне веек.
У цішы, у цішы, у цішы…
растае́ завея.
Цемрадзь хмарных вышынь –
зор няма, і не сцяміць, дзе я:
у сваёй, у тваёй ці у іншай душы
я шукаю надзею,
што пачвара адчаю зачахне.
Няйначай.
А пакуль – твае слёзы ў маіх вачах.
Халодных.
Гарачыя.